Палітвязень Міхаіл Жамчужны, ліставаньне зь якім адсутнічала некалькі месяцаў, нарэшце атрымаў магчымасьць пісаць лісты сваім калегам, сябрам, паплечнікам і праваабаронцам. Зь ліста, які атрымала праваабаронца Тацяна Равяка, стала вядома, што Міхаіл Жамчужны з 6 студзеня адпраўлены на адзін месяц у памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).
Ён адзначае: “З 3 жніўня знаходжуся ў ізаляцыі. 100 сутак у ШЫЗА даліся нялёгка”.
Зь ліста палітвязьня незразумела, ці зьяўляецца цяперашняе зьмяшчэньне яго ў ПКТ забесьпячэньнем яго асабістай бясьпекі, якой ён дамагаўся ад адміністрацыі калёніі, або гэта зноў аформлена як чарговае спагнаньне.
Міхаіл Жамчужны чакаў пераводу ў ПКТ хаця б таму, што ўмовы ўтрыманьня ў ім прадугледжваюць магчымасьць атрымліваць карэспандэнцыю і карыстацца пісьмовымі прыладамі дзеля напісаньня лістоў.
“У атрадзе ляжыць куча газэт і лістоў. Абяцалі заўтра аддаць”, – адзначае ў сваім лісьце палітвязень.
Ён паведамляе, што найбліжэйшым часам адкажа на лісты, якія чакалі яго ўвесь гэты час ізаляцыі, а таксама дзякуе ўсім за падтрымку і віншуе з усімі сьвятамі, зь якімі ў яго не было магчымасьці павіншаваць сваіх сяброў.
Сваё цяперашняе становішча ён акрэсьлівае кароткай фразай: “Зараз становішча стабілізавалася. Сытуацыя стала кантраляванай і прадказальнай”.
Акрамя таго, Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што на 10 гадзін раніцы 17 студзеня ў Магілёўскім абласным судзе прызначаны судовы разгляд касацыйнай скаргі Міхаіла Жамчужнага на рашэньне суда Горацкага раёну, які адмовіў яму ў задавальненьні скаргі на самае першае вынесенае спагнаньне.
Таксама Міхаіл Жамчужны падаў у суд Горацкага раёну скаргу на тры спагнаньні ў выглядзе зьмяшчэньня ў ШЫЗА , вынесеныя яму 9, 16 і 28 жніўня 2017 году, падстаў для адмены якіх не знайшло Ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці.
Нагадаем, што з пачатку жніўня 2017 году адміністрацыя калёніі №9 у Горках, дзе адбывае пакараньне палітвязень, пачала выносіць спагнаньні Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зьняволеных зь “нізкім статусам”. На пачатак сьнежня 2017 году было вядома пра 14 спагнаньняў у выглядзе зьмяшчэньня ў ШЫЗА і ПКТ. Імаверна, да моманту пераводу ў ПКТ на пачатку студзеня колькасьць спагнаньняў была большай.
Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што ў сваіх тлумачальных, якія палітвязень даваў падчас атрыманьня спагнаньняў, ён указваў на сапраўдныя прычыны адмоваў “ісьці ў атрад” і патрабаваў пераводу яго ў бясьпечнае месца. Пры гэтым на заявы Міхаіла Жамчужнага аб зьмяшчэньні яго ў бясьпечнае месца адміністрацыя не рэагавала.
spring96.org