Назіральнікі адзначаюць невысокую актыўнасьць на выбарчых участках. Ужо з самай раніцы па кватэрах выправіліся групы са скрынямі для галасаваньня, бо на ўчасткі ня дужа сьпяшаўся нават «самы надзейны электарат» – пэнсіянэры.
Адзін з тыповых «пэнсіянэрскіх участкаў» – № 69 Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20 – месьціцца ў віцебскай сярэдняй школе № 28. Тут з 2260 выбаршчыкаў усяго 164 прагаласавалі датэрмінова. І ў асноўны дзень галасаваньня асаблівай актыўнасьці не відаць, хаця спробы завабіць людзей – відавочныя: нават канцэрт дзіцячай самадзейнасьці вырашылі зладзіць на вуліцы.
Іншая статыстыка на «студэнцкіх участках». Прыкладам, на ўчастку № 61 у мэдычным унівэрсытэце датэрмінова прагаласавалі 1213 чалавек з 2190. Затое непасрэдна ў дзень выбараў тут пуста. Ня вабяць выбаршчыкаў ні нізкія цэны ў буфэце, дзе, дарэчы, прадаюць і сьпіртныя напоі на разьліў, ні продаж прамысловых тавараў без гандлёвай нацэнкі.
Буфэты заўжды былі своеасаблівым індыкатарам актыўнасьці выбаршчыкаў. Але ня сёньня, адзначаюць гандляры. Калі зранку да танных харчоў праяўлялі хоць нейкую цікаўнасьць пэнсіянэры й выбаршчыкі з малымі дзецьмі, то недзе ад абеду за столікамі ці каля прылаўкаў не было відаць ніводнага чалавека. Апрача хіба што чальцоў камісіяў або аматараў алькаголю, якія не шукаюць асаблівых нагодаў для застольля...
Назіральнікі распавядаюць, што невысокая актыўнасьць выбаршчыкаў усур’ёз турбуе камісіі. Шляхі да «выпраўленьня сытуацыі» шукаюцца розныя. Так, яшчэ ўчора, у апошні дзень датэрміновага галасаваньня, за гадзіну адсутнасьці назіральніка Андрэя Кешэнюка на ўчастак № 18 Чыгуначнай выбарчай акругі прыйшлі адразу 168 чалавек. У іншы час за гадзіну зьяўляліся ня больш за 10-15 чалавек, піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку спадар Андрэй.
А віцебскі праваабаронца Павал Левінаў паведамляе і наогул сэнсацыйную інфармацыю: паводле ягоных зьвестак, у адной зь віцебскіх вайсковых частак 96,19% выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова. І да абеду 11 верасьня выбары там завяршыліся, прычым поўнай перамогай праўладнага кандыдата, за якога прагаласавалі 100% выбаршчыкаў.
Радыё Свабода