Віцебская актывістка партыі АГП Ірына Яскевіч зьяўляецца кандыдатам па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20. У адказ на выказанае жаданьне зладзіць інфармацыйныя пікеты яна пачула: “Да 10 верасьня ўсе пляцоўкі ўжо расьпісаныя і занятыя. Дамаўляйцеся самі з вашымі канкурэнтамі”. Аднак дамаўляцца няма з кім: пікетаў у вызначаных месцах ніхто не праводзіць.
На тэрыторыі Кастрычніцкай выбарчай акругі ўсяго тры вулічныя пляцоўкі для правядзеньня агітацыйных пікетаў: у парку на рацэ Віцьбе і дзьве дваровыя пляцоўкі – каля дому №63-1 па вуліцы Праўды і каля дому №7 па вуліцы Лазо.
“У аддзеле ідэалёгіі Кастрычніцкай раённай адміністрацыі мне сказалі, што расклад пікетаў ужо ёсьць, і ён такі: штодня ўсе пляцоўкі занятыя агітацыяй за дзейнага дэпутата Аляксандра Цацоху, за сябра КПБ Уладзімера Якаўлева і за прадстаўніка ЛДП Дзьмітрыя Езафатава. Вольным застаўся толькі час з 15:00 да 16:00, і тое не паўсюль і не штодня. Я тут жа зрабіла спробу пад’ехаць на пікет на вуліцу Праўды, каб дамовіцца з супернікамі ці іх прадстаўнікамі і атабарыцца зь пікетам побач. Аднак нікога там не знайшла. Жыхары найбліжэйшых дамоў сказалі, што аніякіх пікетаў тут ня бачылі ні разу”, – распавяла Ірына Яскевіч.
Адзіная магчымая тактыка, на думку кандыдаткі, – гэта рабіць пікеты на працягу вольнай гадзіны, а далей глядзець па абставінах: калі апанэнты ня зьявяцца, то працягваць далей, а калі прыйдзе каманда супернікаў, то ўсё ж паспрабаваць дамовіцца і “падзяліць тэрыторыю”.
Ірына Яскевіч адзначае, што месцы для пікетаў “замоўленыя”, але не выкарыстоўваюцца, тым часам як некаторыя канкурэнты праводзяць агітацыю іншым, часам незаконным спосабам:
“Я зьвярнулася ў акруговую камісію са скаргай, што дзейны дэпутат Аляксандар Цацоха праводзіў сустрэчу з выбаршчыкамі ў філярмоніі. Мала таго, што ў працоўны час, дык яшчэ гэтае месца не ўваходзіць у пералік вызначаных для сустрэч. Але ў камісіі ў адказ на скаргу мне сказалі, што спадар Цацоха сустракаўся з выбаршчыкамі ня як кандыдат, а як дзейны дэпутат, і да ўсяго – дэлегат Усебеларускага сходу”.
На думку Ірыны Яскевіч, гэта супярэчыць тэзе пра роўнасьць усіх кандыдатаў, прадэкляраваную ў выбарчым заканадаўстве.
spring96.org