Ягору Левачову – дваццаць два гады. Пра такіх кажуць: малады ды раньні. Сёлета кампанія «Гавары праўду» прапанавала яму ўдзельнічаць у выбарах, і цяпер актывіст зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Лепельскай выбарчай акрузе № 23.
Ягор, ты, пэўна, адзін з самых маладых грамадзянаў краіны, якія дамагліся рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, але пэўны шлях сталеньня ты ўжо прайшоў. Распавядзі нашым чытачам пра свае посьпехі.
У адзінаццатай клясе я стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Перамога дазволіла паступіць у БДУ без іспытаў. Нейкі час вялікі банэр з маім партрэтам вісеў у Бешанковічах. Па сканчэньні геаграфічнага факультэту атрымаў дыплём з адзнакай. Разьмеркавалі на працу у Смалявіцкі раён выкладчыкам геаграфіі, але не працаваў, паступіў у магістратуру, якую сёлета скончыў. Пасьля магістратуры буду працаваць ў лягеры «Зубраня» выхавацелем.
Выявілася, што мае веды ў нашай краіне незапатрабаваныя. У нас усё вырашаюць сувязі, а не кваліфікацыя, магчымасьці і здольнасьці. Ну, а яшчэ – хабар. Віной таму татальны цынізм, які, пачынаецца яшчэ са школы, дзе дзяцей ужо падзяляюць на касты: на тых, каму можна ставіць дрэнныя адзнакі, і тых, каму нельга.
Па сканчэньні магістратуры меркаваў паступаць у асьпірантуру. Гэткаму рашэньню паспрыяла мая стажыроўка ў Бардо. Узровень навукі ў Францыі – для нас недасяжны. Мая спэцыялізацыя – клясычная геаграфія.
Нейкі час вагаўся, разважаў: ці сумяшчальнае дэпутацтва з навукай. Але дылема вырашылася сама сабой, як дэкан факультэту сказаў мне, што рэктар забараніў мець са мной якія-небудзь справы. Маўляў, унівэрсытэт мусіць быць па-за палітыкай. Відаць, такому рашэньню паспрыяў і той факт, што я – сябра моладзевай арганізацыі «Студэнты супраць». На гэтым мая навуковая кар’ера скончылася. Дык што цяпер мне няма чаго губляць.
Як геадэзіст-картограф, меркаваў, што буду запатрабаваны ў раёне, але тут на ўсіх пасадах сядзяць «надзейныя людзі» пэнсійнага веку. Аднак думаю, што не яны сталі асноўнай перашкодай майго працаўладкаваньня – летась я зьбіраў подпісы за Тацяну Караткевіч, сабраў дзьвесьце подпісаў.
Некалькі словаў пра тое, як ты стаў актывістам кампаніі «Гавары праўду».
У «Гавары праўду» мяне прывёў мой сябра Зьміцер Валадзько. Цяпер ён кіраўнік майго выбарчага штабу. На мінулых выбарах я быў назіральнікам. І пайшло, завярцелася – мне спадабалася. Сёлета прапанавалі стаць кандыдатам у дэпутаты. Я пагадзіўся, але пры ўмове, што пайду па сваёй выбарчай акрузе, там, дзе мяне ведаюць. Так вось і стаў кандыдатам у дэпутаты па Лепельскай выбарчай акрузе № 23 ад «Гавары праўды». Хаця па сваіх поглядах я, хутчэй, кансэрватар; мне бліжэйшыя традыцыяналізм, нацыянальныя каштоўнасьці, беларушчына, некалі марыў уступіць у БНФ. Маёй прыязнасьці да роднага слова паспрыяла мая школьная настаўніца беларускай мовы Ніна Аляксееўна Хацкевіч. Знаёмства зь ёй сталася штуршком да абуджэньня нацыянальнай самасьвядомасьці.
Чым ты кіраваўся, калі даваў згоду на свой ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў?
Найперш тым, што за шэсьць гадоў маёй адсутнасьці ў Бешанковічах тут нічога не зьмянілася. Патрэба ў пераменах даўно насьпела. Кампанія «Гавары праўду» выступае за зьмены мірным шляхам, я таксама – за мірныя перамены. Тое, што за гэты час у райцэнтры не паўстала ніводнага новага прадпрыемства, – гэта паказчык працы мясцовага кіраўніцтва.
У Бешанковічах шмат праблемаў. Яны ня толькі не вырашаюцца, але нават не агучваюцца публічна. Найперш, гэта праблемы з працаўладкаваньнем. Самая жахлівае – згубіць працоўнае месца, бо нанова ўладкавацца недзе ў іншым месцы бяз сувязяў немагчыма. Залежнасьць ад наймальніка і дзяржавы страшэнная. На другім месцы – жыльлёва-камунальныя праблемы: так, у доме нумар чатыры па вуліцы Мэліяратараў пасьля дажджу вада запаўняе ня толькі склеп, але трапляе нават у пад'езд. Акром таго ў дом трапляюць і каналізацыйныя сьцёкі. Гарачая вада ў кватэрах летам ёсьць толькі па выходных. Гэтыя праблемы трэба вырашаць.
Падымаем мы і праблемы гандляроў, прадавачак спажывецкага таварыства, якія татальна залежаць ад свайго кіраўніцтва. Заробкі ў іх мізэрныя, а за чужыя пралікі і некампэтэнтнасьць яны адказваюць рублём. Трэба спыніць гвалт дзяржавы ў адносінах да прадпрымальніцтва. Хопіць душыць бізнэс. Не пасьпееш аформіць неабходныя дакумэнты, а да цябе ўжо ідуць кантралёры – пажарнікі ды санэпідэмстанцыя, а затым раённае кіраўніцтва з працягнутай рукой: «У нас будзе салют. Дайце грошы на салют. Дайце грошы на шклопакеты. Дайце грошы на мячыкі для дзетак». Паўстае пытаньне: «А навошта тады яны?»
У культуры праблемаў таксама багата. Дзеткі музыкальнай школы граюць на ламаччы, бо ўзровень нашых мясцовых чыноўнікаў – «Букет з белых ружаў». Пры гэткіх густах казаць пра разумнае стаўленне да культуры не выпадае.
Наогул, удзел у выбарчай кампаніі дае добрую магчымасьць шырэй даведацца пра людзкія турботы.
Ягор, як да твайго жаданьня ісьці ў палітыку ставяцца родныя?
Што тычыцца маёй маці, то яна да майго жаданьня займацца палітыкай ставіцца станоўча. Яна – мой ідэйны натхняльнік, мой ідэоляг. Яна ўваходзіць у мой штаб, зьбірала подпісы па-стаханаўску. Дарэчы, у свой час мая бабуля была дэпутатам аблсавету. Гэта важна. Мой канкурэнт – камісар па Віцебскай вобласьці Ігар Мартынаў.
Калі здарыцца неверагоднае, і ты трапіш у парлямэнт, чым будзеш займацца?
Трапіўшы ў парлямэнт, найперш прыкладу намаганьні да выкананьня абяцанага. У інакшым разе выбарцы абяцалі спусьціць з ланцуга сабак (сьмяецца). Затым буду дамагацца, каб кіраўнікоў выканаўчай улады на месцах абіралі грамадзяне. Мяркую, што адсутнасьць працоўных месцаў у краіне – гэта працоўная дыскрымінацыя. Патрэбныя законы, якія б прадухілялі масавае беспрацоўе.
С. Горкі