Відавочнае памкненьне прадставіць чытачам аднабаковую інфармацыю, ігнаруючы факты і зьявы, зьвязаныя зь дзейнасьцю ў горадзе прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і рухаў.
Адзінае грамадзкае аб’яднаньне, згаданае ў газэце “Віцьбічы” падчас этапу збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў – гэта РГА “Белая Русь”. Толькі да прадстаўніка гэтай структуры зьвярнуўся карэспандэнт Віталь Сянькоў, аўтар артыкулу пра збор подпісаў. Нельга не заўважыць, што спадар Сянькоў падкрэсьлена пазьбягае называць прозьвішча праўладнага кандыдата, пра якога вядзецца ў артыкуле. Аднак згадвае і акругу, і нумар ініцыятыўнай групы, і нават яе колькасны склад. А прозьвішча прэтэндэнта, якім зьяўляецца Аляксандар Цацоха – дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў – выдатна відаць на фотаздымку да артыкулу. Бо чальцы ініцыятыўнай групы сфатаграфаваныя ў адмысловых саколках з прозьвішчам і імем прэтэндэнта.
Паказальны падыход таго ж аўтара і ў артыкуле “Сфармаваныя ўчастковыя выбаркамы”. Журналіст Віталь Сянькоў пералічвае партыйныя і грамадзкія структуры, якія вылучылі ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў. Прыкладам, згадвае, што палітычнымі партыямі былі вылучаныя 289 прадстаўнікоў, у тым ліку ад Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” – 44 вылучэнцы, ад партыі БНФ – 31, ад АГП -23 чалавекі. Аднак не ўпамінае таго факту, што ніводнаму прадстаўніку дэмакратычных сіл трапіць ва ўчастковыя камісіі не ўдалося.
Абласная газэта “Витебские вести” таксама спрабуе захоўваць вонкава нэўтральную пазыцыю ў асьвятленьні выбарчай кампаніі. Аднак уважлівы чытаць ня можа ня ўбачыць відавочныя “перагібы ў патрэбны бок”. Напрыклад, у артыкуле “У Віцебскай вобласьці вылучаныя на кандыдатаў больш за 70 чалавек” пералічваюцца спосабы вылучэньня, структуры, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў. А таксама колькасьць прэтэндэнтаў на кандыдацтва ў розных акругах вобласьці. Можна спрачацца пра мэтазгоднасьць публікацыі такой статыстыкі – бо яшчэ не зразумела, колькі чалавек будзе зарэгістравана кандыдатамі, і якім будзе канчатковы вынік. Але ў пасажы журналіста Сяргея Антонава – “Толькі па адной акрузе (Наваполацкая №24) падалі дакумэнты на рэгістрацыю ўсяго 3 чалавекі, але тут надзвычай складана спаборнічаць з гатовым ісьці на другое кола дэпутатам цяперашняга скліканьня Вадзімам Дзевятоўскім” – відавочна праглядаецца ўхвала дзейнага дэпутата.
spring96.org