У Полацку 27 ліпеня адбыўся пікет, прысьвечаны Дню незалежнасьці Беларусі. Мерапрыемства прайшло ў межах выбарчай кампаніі Вольгі Дамаскінай.
Ініцыятыўная група Вольгі Дамаскінай зьбірала подпісы за вылучэньне яе кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у цэнтры гораду, каля Дому гандлю. Падтрымаць пікет у Дзень незалежнасьці прыйшлі партыйныя і грамадзкія актывісты Полацкага рэгіёну.
У Полацку выбарчая кампанія Дамаскінай праходзіць найбольш прыкметна. Яе каманда арганізавала пікеты ў розных раёнах гораду. Ніхто зь іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты пікетаў у горадзе ня ладзіў. Група падтрымкі Вольгі сабрала больш за пяцьсот подпісаў палачан за яе вылучэньне ў дэпутаты беларускага заканадаўчага органу. Апроч таго, на зьезьдзе партыі БНФ Вольгу вылучылі кандыдатам ад партыі. Па Полацкай выбарчай акрузе Вользе Дамаскінай будуць супрацьстаяць яшчэ тры кандыдаты: ад партыі ЛДП, ад партыі «Справядлівы сьвет» (былыя камуністы) і цяперашні праўладны дэпутат Натальля Гуйвік.
Вольга Дамаскіна: «У мяне такое ўражаньне, што мала людзей цікавяцца той сытуацыяй, якая склалася ў краіне. Многія людзі кажуць, што яны ня вераць, што ў нас ёсьць сапраўдныя выбары, і яны ня будуць у гэтым удзельнічаць. Маўляў, ад нас нічога не залежыць, і як там наверсе скажуць – так усё і атрымаецца».
Пікеты Вольгі праходзілі пад двума бел-чырвона-белымі сьцягамі беларускай незалежнасьці. Многія мінакі рэагавалі менавіта на сьцягі: хтосьці прасіў расказаць пра гэты сьцяг, хтосьці вітаў лёзунгам «Жыве Беларусь!»