Пасьпяхова прайшлі рэгістрацыю ўсе 48 ініцыятыўных груп, якія падавалі заявы ў выбаркамы і маюць намер зьбіраць подпісы грамадзян у падтрымку вылучэньня сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты.
З 48 прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах 7 ініцыятыўных груп стварылі прадстаўнікі партыі БНФ, 5 – Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет”, 4 – Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 3 – Лібэральна-дэмакратычнай партыі, па адным прэтэндэнце ў кандыдаты прадстаўляюць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) і партыю “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада".
Найбольшая колькасьць ініцыятыўных груп (па 7) зарэгістраваныя ў Віцебскай-Чкалаўскай №18 і Віцебскай-Чыгуначнай №19 выбарчых акругах. Першымі “ў народ” пайшлі прыхільнікі Тацяны Севярынец: яшчэ два тыдні таму каля гандлёвага цэнтру “Green” быў арганізаваны першы пікет па зборы подпісаў у Віцебску. Затым пікеты БХД прайшлі ў розных месцах гораду, сярод якіх пляцоўка каля крамы “Эўраопт” у мікрараёне Білева.
“Як высьвятляецца, ня ўсе ў нас ведаюць, што ў краіне распачалася выбарная кампанія, і што цяпер ідзе збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў. Мы паспрабавалі выкарыстаць вазок для прадуктаў, каб замацаваць сьцяг БХД. На наша зьдзіўленьне, ахоўнікаў і прадстаўніка адміністрацыі абурыла ня наша памкненьне “прысабечыць” маёмасьць крамы, а менавіта сьцяг! Яго і называлі “забароненым”, і патрабавалі зьняць, і наогул у нас склалася такое ўражаньне, што гэтыя людзі ня чулі ні пра выбары, ні пра пікеты, якія дазваляе арганізоўваць выбарнае заканадаўства”, – распавяла Тацяна Севярынец.
Сапраўды, калі б пікеты па зборы подпісаў стаялі на Віцебшчыне на кожным кроку, то і непаразуменьняў гэткага кшталту было б меней. Але ж пікеты пакуль ня сталі масавай зьявай на Віцебшчыне. Праваабаронцы не выключаюць, што, як і раней, для збору подпісаў за вылучэньне “патрэбных” кандыдатаў будзе задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс. А вулічныя пікеты найперш імкнуцца праводзіць кандыдаты ад дэмакратычных сілаў – бо гэта ня толькі сродак збору подпісаў, але і магчымасьць заявіць пра існаваньне пэўнай арганізацыйнай структуры ва ўмовах, калі афіцыйныя СМІ і тэлебачаньне прынцыпова адмаўляюцца асьвятляць падзеі “з жыцьця апазыцыі”.
паводле spring96.org
фота: С. Горкі