Пікет, арганізаваны 13 ліпеня сябрамі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» ля Чкалаўскага рынку ў Віцебску, выклікаў вялікую цікавасьць мясцовай грамадзкасьці.
Аляксандар Снараў, Аляксандар Мікулін і Алег Квяцінскі ахвотна дзяліліся зь месьцічамі сваімі плянамі па рэфармаваньні ахопленай крызысам Беларусі. Падтрымаць сваіх калегаў зь Менску прыехалі каардынатары «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк і Ігар Драко.
Як адзначаюць прадстаўнікі кампаніі, пікет дае выбарцам магчымасьць наўпроставай камунікацыі з кандыдатамі ў дэпутаты, пашырае магчымасьці знаёмства зь іх праграмамі і стварае ўмовы для адваротнай сувязі з грамадзянамі. Немалое значэньне мае і гэтак званая візуальная актуалізацыя. Нават, калі людзі не падыдуць да пікету, недзе ў падсьвядомасьці застанецца хаця б назва кампаніі «Гавары праўды», бо яна на сьцягу і на плякатах.
Найбольшай актыўнасьцю сярод патэнцыйных кандыдатаў вылучаўся Аляксандар Снараў, які адгукаўся на кожны зварот выбарцаў. Як ён сьцьвярджае, самым набалелым пытаньнем, пра якое казалі месьцічы падчас пікету, ёсьць праблема малых пэнсіяў. Таксама людзей турбуе тэма долевага будаўніцтва — многія лічаць, што іх ашукалі.