Шосты міжнародны байк-фэстываль «Контрудар» пройдзе ў вёсцы Студзёнка Сеньненскага раёну ля возера Бярозаўскага. Ён будзе прысьвечаны 75-годзьдзю буйной танкавай бітвы пад Сянном падчас Другой сусьветнай вайны.
Выступаць на фэстывалі будуць папулярныя гурты і выканаўцы: SunЛайт (Магілёў), Ворона (Менск), Скандал (Наваполацак), Арына Радыё (Ворша), СамПроцесс (Менск), Punkrot (Менск), Five`o`clock (Віцебск), Чып і Дэйл (Менск), Неизвестный маршрут (Менск), Steel Razor (Минск), Сага Ветров (Віцебск), Eisenwut (Масква), BEDLAM [444], BTR, Черный обелиск (Масква). Фэстываль будзе праводзіцца цягам трох дзён: 8, 9 і 10 ліпеня.
Беларускія «Начныя ваўкі» – беларускі аддзел скандальна вядомага расейскага мотаклюбу, які адкрыта падтрымлівае прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, расейскую агрэсію ва Ўкраіне і прытрымліваецца ідэяў «рускага сьвету» – шавіністычнай ідэалёгіі, накіраванай на ўсталяваньне прарасейскіх рэжымаў у краінах альбо вайсковую экспансію ў краіны, урады якіх ня лічацца сябрамі Крамля.
Шмат якія беларускія байкеры ня маюць ніякага дачыненьня да «Начных ваўкоў», бо мяркуюць, што байкерскі клюб ня можа безумоўна падтрымліваць якую-небудзь палітычную сілу, якая існуе за кошт дзяржаўнага бюджэту Расеі, бо сам па сабе рух байкераў нясе свабоду, ён не палітызаваны.
Нягледзячы на сваю відавочную антыамэрыканскую і ў цэлым антызаходнюю рыторыку ў выступах, «Начныя ваўкі» у асобах арганізатараў фэстывалю ўжываюць выраз «фуд-корт», што зьяўляецца відавочным амэрыканізмам. І гэта толькі адзін з прыкладаў.
Бітва пад Сянном (Лепельскі контрудар) – наступ войска Чырвонай арміі на пазыцыі нямецкага вэрмахту. Адбывалася з 6 па 10 ліпеня 1941 г. і зьяўлялася часткай Віцебскай бітвы. Савецкі контрудар скончыўся няўдачай. Скаваўшы дзеяньні савецкіх войскаў, нямецкі 39-ы мотакорпус фарсаваў 8 ліпеня Дзьвіну трыма дывізіямі ў раёне Улы. 9 ліпеня 20-я танкавая дывізія 39-га мотакорпусу 3-й танкавай групы Гота ўварвалася ў Віцебск. Фактычна «Начныя ваўкі», якія на словах шануюць перамогу СССР у Другой сусьветнай вайне, адзначаюць контрудар, які скончыўся няўдачай Чырвонай арміі. Хіба ў вайне не было бітваў, у якіх перамагалі савецкія байцы?
orsha.eu