У абласную выбарчую камісію ніводзін апазыцыянэр ня трапіў, хаця сваіх прадстаўнікоў вылучалі і Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», і партыя БНФ, і праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне «Рух “За свабоду”», і грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне».
Колькасьць прэтэндэнтаў на тое, каб увайсьці ў абласную выбарчую камісію – 21 чалавек. Падчас супольнага паседжаньня прэзыдуюму Віцебскага абласнога савету дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкаму праз рэйтынгавае галасаваньне былі «адсеяныя» прадстаўнік руху «За свабоду» Леанід Гаравы, прадстаўнік партыі БНФ Кастусь Смолікаў, Мікалай Дзямідаў, прадстаўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Тамара Карызна, якую вылучыла грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне», і праваабаронца Павал Левінаў, вылучаны групай грамадзянаў.
«Рэйтынгавае галасаваньне – калі галасуюць за кожнага прэтэндэнта па чарзе, і ў камісію ўключаюць таго, хто набраў большую колькасьць галасоў. За “патрэбных людзей” галасавалі аднагалосна. Падчас фармаваньня абласной камісіі супраць мяне прагаласавалі 20 чалавек з 23-х, а падчас фармаваньня акруговай – 19. Нібыта я здолеў камусьці “спадабацца” за той час, які прайшоў паміж двума этапамі! Усе выглядала як добра пастаўлены спэктакаль», – гаворыць праваабаронца, які ня трапіў ні ў абласную выбарчую камісію, ні ў камісію Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18.
У складзе ўсяго 4-х камісіяў з 14-ці будуць працаваць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. У склад камісіі Пастаўскай выбарчай акругі №29 уключылі Міхаіла Гіля – прэтэндэнта ад праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух “За свабоду”», у склад камісіі Лепельскай выбарчай акругі №23 уключылі Георгія Станкевіча – таксама прадстаўніка руху «За свабоду», у склад Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі № 19 уключылі Андрэя Андрэева, які вылучаўся і ад групы грамадзянаў, і ад Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», а ў склад Віцебскай-Горкаўскай акругі №17 уключылі Галіну Магучую, прадстаўніцу партыі БНФ.
Аляксей Гаўруцікаў, які каардынаваў вылучэньне прэтэндэнтаў ад руху «За свабоду» і сам ня трапіў у склад Сеньненскай акруговай выбарчай камісіі №30, распавядае пра працэс фармаваньня камісіяў так:
“Кіраўнікам партыяў або грамадзкіх утварэньняў сёлета далі па 3 хвіліны, каб яны ахарактарызавалі для прысутных сваіх прэтэндэнтаў. Ад руху «За свабоду» па вобласьці вылучалася 15 чалавек. Скажыце, што можна пасьпець сказаць пра кожнага за 10-15 секунд? Хіба толькі назваць імя. Таму я вырашыў расказаць хаця б пра трох. Але больш-менш падрабязна. Аднаго зь іх, Міхаіла Гіля, узялі ў камісію, аднак гэта – не заслуга майго красамоўства. Усё было вырашана загадзя, таму прайшло хутка і гладка, без «сюрпрызаў».
У склад 14 акруговых выбарчых камісіяў ў Віцебскай вобласьці былі вылучаны 263 чалавекі. Зь іх 45 – прадстаўнікі палітычных партыяў ( у тым ліку 8 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», 7 – ад партыі БНФ). Дакумэнты падалі 13 вылучэнцаў ад працоўных калектываў, яшчэ 89 чалавек вылучылі грамадзяне праз падачу заяваў. У акруговыя камісіі былі вылучаныя 116 прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, прычым ГА «Белая Русь» і БРСМ вылучылі па 14 сваіх сябраў – па адным у кожную з 14 камісіяў. Найбольшую колькасьць прадстаўнікоў вылучыла Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі – 32 чалавекі.
spring96.org