Актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага з “Полацак-Шкловалакна” Віктар Стукаў і Мікола Шарах падалі касацыйныя скаргі ў Віцебскі абласны суд.
Нагадаем, судовыя працэсы прафсаюзных лідэраў адбыліся 16 траўня ў Полацку. Абодвум прысудзілі штрафы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, Міколу Шараха аштрафавалі яшчэ і за непадпарадкаваньне міліцыі.
Пікет, за ўдзел у якім аштрафавалі мясцовых лідэраў СПБ, быў праведзены дзеля інфармаваньня жыхароў гораду пра звальненьне Міколы Шараха. На ягоную думку, умовы для непрацягненьня кантракту былі створаныя штучна і зьяўляюцца праявай дыскрымінацыі паводле прыкметы сяброўства ў незалежным прафсаюзе.
Акцыя, якая прайшла ў Полацку 28 красавіка, праводзілася як прафсаюзнае мерапрыемства. Таму, паводле заяўніка Віктара Стукава, дазволу на яе правядзеньне ў мясцовых уладаў пытацца было не патрэбна: у адпаведнасьці з артыкулам 3-й Канвэнцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы №87 аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы, дзяржаўныя ўлады ня маюць права перашкаджаць прафсаюзнай дзейнасьці ў любой форме, у тым ліку і падчас масавых акцыяў. Тым ня менш арганізатары даслалі паведамленьне ў райвыканкам пра свае намеры, аднак адказу не атрымалі.
На судзе высьветлілася, што адказ з райвыканкаму нібыта дасылалі, і ў ім была забарона на правядзеньне пікету. Аднак актывісты ліста не атрымалі.
“Мы вырашылі, што райвыканкам маўчыць – значыць, згодны з тым, што ў Беларусі мясцовыя ўлады дзейнічаюць у адпаведнасьці зь міжнароднымі прававымі нормамі”, – кажа спадар Стукаў. Суд не пагадзіўся з аргумэнтамі наконт таго, што спасылкі на артыкул 3-й Канвэнцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы даюць права ладзіць пікеты, не пытаючыся дазволу ў выканкаму, і судзьдзя Юлія Каласоўская прыняла рашэньне аштрафаваць кіраўніка “пяршоўкі” на прадпрыемстве “Полацак-Шкловалакно” Віктара Стукава на суму 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў.
Яшчэ большы штраф – памерам 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў – судзьдзя Віталь Лапко прысудзіў Міколу Шараху. Апрача як за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, актывіст быў пакараны за нібыта непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, якія гвалтам затрымалі яго ў пад’езьдзе ўласнага дому, не прадставіўшыся і не паказаўшы службовых пасьведчаньняў. У судзе супрацоўнікі міліцыі Сяргей Багумірскі і Ігар Скарабагаты абвяргалі гэты факт – сьцьвярджалі, што паказвалі дакумэнты, але Мікола Шарах “адварочваўся і заплюшчваў вочы, каб ня бачыць”. Міліцыянт Сяргей Багумірскі ў судзе абвяргаў і тое, што адмовіў Міколу Шараху ў просьбе выклікаць адваката, заявіўшы, што “гэта дазваляецца толькі ў выпадках крымінальных справаў”. А суд адмовіўся зрабіць запыт у міліцыю, каб адтуль даслалі запіс відэакамэраў, усталяваных у габінэце, дзе на Шараха складалі пратакол, ігнаруючы ягонае права мець абаронцу.
Факты парушэньняў, дапушчаных падчас судовага разгляду і ў ранейшых дзеяньнях міліцыі, актывісты СПБ Мікола Шарах і Віктар Стукаў выклалі ў касацыйных скаргах. Яны лічаць, што рашэньні судзьдзяў Каласоўскай і Лапко былі прынятыя без уліку ўсіх акалічнасьцяў і мусяць быць скасаваныя. На працягу найбліжэйшага месяца ў Віцебскім абласным судзе мае адбыцца разгляд гэтых скаргаў.
Паводле spring96.org