Хрыстафор Жаляпаў вядомы жыхарам Віцебску як адзін зь лідэраў дэмакратычнага руху гораду і ўсяго рэгіёну. У цяперашні час ён узначальвае грамадзкую арганізацыю «Самакіраваньне і грамадзтва», а таксама зьяўляецца каардынатарам руху «За свабоду» па Віцебскай вобласьці.
Наш карэспандэнт задаў яму некалькі пытаньняў.
Хрыстафор Савельевіч, раскажыце, як паўстала ідэя стварэньня ў Віцебску «Эўрапейскага клюбу»?
Калісьці існавала такое грамадзянскае аб'яднаньне – «Фундацыя імя Льва Сапегі», мэтай якой была падтрымка грамадзянскага сэктару і няўрадавых арганізацыяў. Віцебскае абласное аддзяленьне фонду мела офіс на праспэкце Чарняхоўскага. Гэта было месца, дзе прадстаўнікі грамадзянскага сэктару маглі атрымліваць інфармацыйную, кансультацыйную і тэхнічную дапамогу. Аднак у 2006 годзе мясцовыя органы ўлады папрасілі вызваліць дадзенае гарвыканкамам памяшканьне. Тады і ўстала неабходнасьць знайсьці новае месца. Такім чынам, «Эўрапейскі клюб» стаў лягічным працягам цэнтру дэмакратычнага жыцьця гораду, які раней існаваў.
Цяпер у «Эўрапейскім клюбе» праходзяць сустрэчы віцебчукоў зь лідэрамі дэмакратычнага руху, абмяркоўваюцца пытаньні далучэньня і збліжэньня Беларусі зь Эўропай. Гэта адно зь яго галоўных прызначэньняў, хоць першапачаткова дом адкрываўся як офіс абласнога рэсурснага цэнтру, які падтрымлівае грамадзянскі сэктар і няўрадавыя арганізацыі вобласьці.
Куплены за невялічкія сродкі дом, які знаходзіўся ў аварыйным стане, за тры-чатыры гады быў прыведзены ў парадак, хоць добраўпарадкаваньне працягваецца дагэтуль. Ёсьць ідэя рамонту цокальнага паверху і стварэньня там музэю грамадзянскай супольнасьці. Акрамя таго, хочацца зрабіць цокальны паверх месцам зносін дэмакратычнай моладзі. Са сваім асобным уваходам і сваім незалежным існаваньнем.
У 1993 годзе, калі мы пачыналі сваю дзейнасьць, яшчэ дзейнічаў закон «Аб грамадзкіх арганізацыях», паводле якога камэрцыйным структурам дазвалялася пералічваць ахвяраваньні на падтрымку грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Трэба сказаць, што пералічаныя сумы зьнімаліся з падаткаабкладанага даходу. У нас тады былі вельмі актыўныя сувязі з замежнымі амбасадамі, фундацыямі, грамадзкімі і камэрцыйнымі структурамі. А многія бізнэсоўцы думалі пра свой імідж. Таму для правядзеньня нашых мерапрыемстваў камэрцыйныя фірмы давалі грамадзкім арганізацыям памяшканьні цалкам задарма.
Цяпер зусім іншая сытуацыя. І дзякуй Богу, што мы маем «Эўрапейскі клюб» – месца, дзе кожная грамадзкая, палітычная арганізацыя ці грамадзянская ініцыятыва мае магчымасьць сабрацца і не плаціць непад'ёмную для большасьці арэнду.
Якія мэты ставіць перад сабою рух «За свабоду», адным з каардынатараў якога Вы зьяўляецеся, зьбіраючыся ўдзельнічаць у сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў?
Рух «За свабоду» – гэта грамадзка-палітычная арганізацыя, якая ўвайшла ў правацэнтрысцкую кааліцыю і якая на маючых адбыцца выбарах у парлямэнт падтрымае дваццаць трох сваіх сябраў у якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Іх вылучэньне будзе адбывацца шляхам збору подпісаў. У Віцебскай вобласьці ў руху «За свабоду» будзе тры кандыдаты.
Разам з усімі нашымі партнэрамі па кааліцыі мы маем намер закрыць 93 выбарчыя акругі з 110. Чаму ня ўсе 110? Таму што выбіралі самых папулярных і аўтарытэтных людзей. Дый, што грэху таіць, сіл мала, сродкаў мала. Вырашылі правесьці добрую кампанію ў меншай колькасьці акругаў, ды не распыляць сілы марна.
Мы мяркуем, што ўдзельнічаць у выбарах трэба, і сэнс у гэтым ёсьць. Але ня той, на які зважалі раней: маўляў, трэба трэніраваць каманды. Каманды і кандыдаты ў нас і так дасьведчаныя і падрыхтаваныя, ім ня трэба трэніроўка. Гэта нават не імкненьне прыўнесьці свае погляды ў народ – нашы ідэі і ідэі нашых партнэраў вядомыя і без таго: хто цікавіцца, той ведае. Галоўная мэта – гэта паказаць народу наяўнасьць у краіне альтэрнатывы існуючага палітычнага рэжыму і прапанаваць шляхі выхаду з эканамічнай сытуацыі, што склалася; паказаць, што ў краіне ёсьць рэальная палітычная сіла, здольная кіраваць краінай.
Народ перастаў давяраць рэжыму, ён стаміўся і знаходзіцца ў стане разгубленасьці. Але ён думае, што цяперашняя сытуацыя ў краіне нязьменная, што яна на дзясяткі, калі не на сотні гадоў, – «да Колі», і пасьля «Колі» таксама. Удзел у выбарах дасьць зразумець ступень даверу народу да апазыцыі і ўбачыць рэальную карціну яго стаўленьня да таго, што адбываецца.
Хрыстафор Савельевіч, як адчуваюць сябе цяпер прадстаўнікі грамадзянскага сэктару Віцебскай вобласьці, працуючы ва ўмовах, калі дзяржава відавочна не зацікаўленае ў яго разьвіцьці?
Грамадзянскі сэктар Віцебскай вобласьці знаходзіцца ў такім самым цяжкім стане, як і па ўсёй краіне, хоць у нас і не найгоршае становішча. Насуперак абыходкавай думцы, што ў нашай усходняй вобласьці і з нацыянальнай сьвядомасьцю дрэнна, і з дэмакратычнымі перакананьнямі нелады, і прарасейскі ўплыў значны, мы маем рэальны грамадзянскі сэктар і рэальную грамадзянскую супольнасьць.
Праўда, апошнім часам у сувязі з вылучэньнем значных сродкаў Эўразьвязу на разьвіцьцё грамадзянскага сэктару пад праекты, з умовай абавязковага ўдзелу ў іх дзяржаўных структур і недзяржаўнага сэктару, зьявілася вельмі шмат фантомных грамадзкіх арганізацыяў, якія ствараюцца ўладамі дзеля магчымасьці атрыманьня эўрапейскіх грошай. І гэта – не грамадзянскі сэктар, а прафанацыя.
Ёсьць і іншая частка псэўдаграмадзянскага сэктару, якая адыгрывае згодніцкую ролю, – гэта праўладны грамадзянскі сэктар. Зыходзячы зь міжнародных стандартаў, яго ўдзельнікаў таксама нельга ў поўным сэнсе ўважаць за няўрадавыя грамадзянскія арганізацыі. Хутчэй, гэта каляўрадавыя грамадзкія арганізацыі.
Рэальным грамадзянскіх сэктарам можна назваць толькі той, што выконвае галоўнае сваё прызначэньне: разьвівае грамадзянскую супольнасьць праз самастойнае вырашэньне сацыяльных праблем, робячы гэта незалежна ад урадавых структур. І такія арганізацыі і такія грамадзянскія ініцыятывы ёсьць і ў Віцебску, і ў сельскіх рэгіёнах вобласьці. Найбольш актыўна такія арганізацыі працуюць у Пастаўскім, Верхнядзьвінскім, Аршанскім, Гарадоцкім, Полацка-Наваполацкім рэгіёнах. Працуюць яны ў розных накірунках: культурным, гісторыка-краязнаўчым, літаратурным, экалягічным, сацыяльным... Ёсьць вельмі моцная арганізацыя, якая мае агульнарэспубліканскае гучаньне, у Шаркоўшчынскім раёне, – гэта цэнтар імя Язэпа Драздовіча, які ўзначальвае Ада Эльеўна Райчонак.
Трэба сказаць, што асноўная праблема нашага грамадзянскага сэктару палягае ў тым, што пачынаючы з 2003 году ідзе вельмі моцны ціск, я б сказаў, наступ з боку дзяржавы. І гэта стала помстай ўлады за падтрымку ў 2001 годзе кандыдата ў прэзыдэнты Сямёна Домаша. Рэжым угледзеў у грамадзянскім сэктары небясьпеку, і пачалося яго зьнішчэньне. Была абвешчаная перарэгістрацыя паводле зьмененага закону, выканаць які шмат якія грамадзкія арганізацыі ня здолелі. На сёньняшні дзень у Віцебскай вобласьці каля ста грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятыў, зь якіх толькі каля 20-ці маюць рэгістрацыю.
С. Горкі