28 красавіка ў «Эўрапейскім клюбе» Віцебску кіраўнік аддзяленьня амбасады Швэйцарскай Канфэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Эбішэр Паскаль сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці гораду і вобласьці. Сустрэча прайшла ў атмасфэры ўзаемаразуменьня і зацікаўленага абмеркаваньня.
Адкрываючы мерапрыемства, Хрыстафор Жаляпаў, які выступаў у ролі мадэратара, пазнаёміў Эбішэра Паскаля з аўдыторыяй. На сустрэчы быў прадстаўлены амаль увесь спэктр няўрадавых арганізацыяў Віцебшчыны.
У сваю чаргу прадстаўнік Швэйцарскай Канфэдэрацыі паскардзіўся на адсутнасьць у Беларусі паўнавартаснай амбасады сваёй краіны і растлумачыў прычыну свайго візыту ў Віцебск: сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Прыдзьвіньня патрэбная яму для стварэньня паўнавартаснага ўяўленьня аб працэсах, якія адбываюцца ўнутры Беларусі.
Швэйцарскае прадстаўніцтва дзейнічае ў Беларусі з 2006 году, аднак таваразварот паміж нашымі краінамі складае ўсяго крыху больш за 200 мільёнаў эўра ў год, прычым у асноўным гэта імпарт з Швэйцарыі ў Беларусь.
Падчас размовы сябры няўрадавых арганізацыяў распавялі аб прававых, сацыяльных, палітычных і эканамічных праблемах, якія існуюць у краіне, і аб сваім бачаньні іх вырашэньня.
Як кіраўнік грамадзкай няўрадавай арганізацыі «Самакіраваньне і грамадзтва», Хрыстафор Жаляпаў зьвярнуў увагу дыплямата на існуючую праблему свабоды асацыяцыяў, якая паўстала праз пагаршэньне стаўленьня дзяржавы да арганізацыяў трэцяга сэктару. Так, калі ў пачатку двухтысячных гадоў у Віцебскай вобласьці налічвалася больш за 200 грамадзкіх арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў (больш за сто зь якіх былі зарэгістраваныя), то на цяперашні час колькасьць арганізацыяў скарацілася больш як у два разы, прычым толькі недзе чацьвёртая частка зь іх мае афіцыйную рэгістрацыю. Была зьвернутая ўвага і на наяўнасьць у краіне праблемы са свабодай слова і свабодай на правядзеньне маніфэстацыяў.
Юрыст Аляксей Гаўруцікаў прывёў жахлівы прыклад прававой экзотыкі па зьмене выбарчага заканадаўства па волі дзьвюх асобаў: старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і кіраўніка дзяржавы. Прычым прынятыя зьмены ніякай юрыдычнай экспэртызы Мін'юсту не праходзяць і ў юрыдычнай базе нарматыўна-прававых дакумэнтаў не рэгіструюцца. Іронію выклікае і нядаўна агучанае новаўвядзеньне: цяпер чальцы выбарчых камісіяў будуць закрываць сваімі сьпінамі стол для падліку галасоў толькі з трох бакоў. Новаўвядзеньне дазволіць назіральнікам сачыць за працэсам падліку галасоў, не зазіраючы празь сьпіны выбарчай камісіі – значнае дасягненьне па дэмакратызацыі выбарчага працэсу.
Юрый Нагорны, як сябра ТБМ, папрасіў дыплямата падзяліцца досьведам суіснаваньня ў Швэйцарыі чатырох дзяржаўных моваў, распавёўшы пра дыскрымінацыйнае стаўленьне з боку тутэйшых чыноўнікаў да беларускай мовы.
Эбішэр Паскаль заявіў, што швэйцарцы вельмі прагматычная і разумная нацыя. Паводле дыплямата, нядаўна агучаная ў прэсе прапанова пра выплату штомесячнага безумоўнага даходу ў памеры 2500 швэйцарскіх франкаў, вынесеная на рэфэрэндум, будзе адхіленая большасьцю галасоў. Адхіленая з адной простай прычыны: гэта эканамічна ня выгадна. Вось такія яны, швэйцарцы.
У адрозьненьне ад швэйцарцаў кіраўніцтва постсавецкай Беларусі цяжка западозрыць у такім незразумелым тутэйшаму чалавеку прагматызьме. Таму тут усё так заблытана і непразрыста для эўрапейскага позірку.
У ходзе далейшай размовы многія прамоўцы пастараліся данесьці да дыплямата думку пра тое, што нягледзячы на зьняцьце санкцыяў і лібэралізацыю стасункаў з Захадам рэжым не зьбіраецца мадэрнізавацца ні палітычна, ні эканамічна. Але, як здалося многім прадстаўнікам трэцяга сэктару, хоць швэйцарскі дыплямат падзяляе і прымае асноўныя дэмакратычныя каштоўнасьці, яго падыход да ацэнкі падзеяш, якія адбываюцца ўнутры Беларусі, грунтуецца выключна на прынцыпах Real Politics.
С. Горкі