Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску ў асобе Натальлі Ляпёшкінай не дазволіла гарадзкой арганізацыі партыі БНФ правесьці ўрачысты сход, прымеркаваны да Дня Волі. Адмову атрымалі і заяўнікі ад партыі КХП БНФ, якія хацелі зладзіць пікет. Апазыцыйныя актывісты меркавалі правесьці свае імпрэзы 25 і 26 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.
Прычына забароны акцыяў стандартная: «Да вашай заявы не прыкладаюцца дамовы, прадугледжаныя артыкулам 3 рашэньня Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году...»
Пасьля таго, як Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт прыняў рашэньне № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», правесьці грамадзкую ці палітычную акцыю нават у вызначаным дзеля гэтага ўладамі месцы стала недасяжнай марай. Атрымаць усе неабходныя дзеля гэтага дамовы ад гарадзкой службы ЖКГ, міліцыянтаў ды мэдыкаў пакуль ніхто з прадстаўнікоў мясцовых апазыцыйных структураў ня здолеў.
Чарговую адмову раённай адміністрацыі камэнтуе старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў:
– Прынятае гарвыканкамам рашэньне дыскрымінуе менавіта апазыцыйныя арганізацыі. Разам з тым, ладзячы свае мерапрыемствы, ніякай увагі на рашэньне № 881 улада не зьвяртае і можа праводзіць іх нават у ня вызначаных дзеля гэтага месцах.
Падаючы сваю заяву, мы на сто адсоткаў былі перакананыя, што правесьці акцыю нам ізноў не дазволяць. Гэтай адмовай улады ў чарговы раз выказалі сваё стаўленьне да Канстытуцыі краіны.
Што будзем рабіць? Будзем адзначаць найгалоўнейшае нацыянальнае сьвята, якое гэта дзяржава ігнаруе, у прыватным парадку. Насамрэч, пастанова гарвыканкаму супярэчыць закону «Аб масавых мерапрыемствах», які ставіцца да заяўнікаў ня так жорстка. Сваім рашэньнем віцебскія ўлады змушаюць рабіць тое, што не прадугледжанае нават рэспубліканскім заканадаўствам.
Пракамэнтаваў забарону сьвяточных акцыяў і адзін з заяўнікаў ад КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў:
– Адмова адміністрацыі Чыгуначнага раёну не была для мяне нечаканасьцю. Гэткае грэблівае стаўленьне да гарантаванага канстытуцыйнага права на свабоду сходаў паказвае ўзровень прававой культуры мясцовых чыноўнікаў. Мяне гэтая адмова не зьдзіўляе.
Вось вам прыклад з майго асабістага жыцьця: у 2010 годзе я быў аштрафаваны за правядзеньне несанкцыянаванага пікету. Адстойваючы свае правы, я дайшоў да Камітэту па правох чалавека пры ААН, які прызнаў мяне пацярпелым, а рашэньне гарвыканкаму №881 незаконным. Бо яно груба парушае рэспубліканскі закон «Аб масавых мерапрыемствах» ды міжнародныя пагадненні, якія заключыла Беларусь. Я маю на рукох адказ найвышэйшай афіцыйнай міжнароднай арганізацыі, але ж ніхто пакуль не зьбіраецца ані скасоўваць незаконнае рашэньне, ані сплачваць мне кампэнсацыю за маральныя ды матэрыяльныя страты.