Ня менш за 100 індывідуальных прадпрымальнікаў сабраліся 18 студзеня каля будынку Наваполацкага гарвыканкаму. Сярод іх былі прадстаўнікі ўсіх рынкаў з двух гарадоў-суседзяў - Наваполацку і Полацку.
«Улады былі ў курсе, што мы прыйдзем. Нам сказалі, што калі вы будзеце паводзіць сябе адэкватна, без усялякіх мітынгаў-заклікаў, то ніякіх разгонаў з дапамогай міліцыі ня будзе. Яны памятаюць наш стыхійны пратэст у кастрычніку мінулага году і больш такога ўжо, вядома, не дапусьцяць. Мы сказалі, што ўсё будзе спакойна. Таму ніякага мітынгу ў нас не было. Нашы дэлегаты прайшлі ў будынак гарвыканкаму, дзе іх ужо чакалі. А астатнія проста стаялі на вуліцы - у знак салідарнасьці, чакалі выніку, чым завершацца перамовы», - распавяла адна з удзельніц сходу, сябра РГА «Пэрспэктыва».
З дэлегатамі ад ІП сустрэліся намесьнік старшыні гарвыканкаму, начальнікі аддзелу гандлю і мясцовай падатковай, прадстаўнік цэнтру стандартызацыі і мэтралёгіі.
«Уладам перадалі зварот ад прадпрымальнікаў, у якім абмаляваная сытуацыя, у якой мы знаходзімся пасьля набыцьця моцы ўказу № 222. Што мы вымушана не працуем, што нам няма чым выплачваць крэдыты, няма чым плаціць за паслугі ЖКГ. Шмат у каго вучацца платна дзеці. У многіх гэта сямейны бізнэс. Мы хочам, каб улады нас пачулі. Нашых прадстаўнікоў запэўнілі, што рашэньні такога кшталту не прымаюцца на мясцовым узроўні і што зварот адправяць вышэй, у Менск», - распавяла прадпрымальніца. Паводле яе слоў, найбліжэйшым часам іпэшнікі маюць намер зладзіць падобны сход і каля Полацкагу райвыканкаму.
http://tut.by/
фота: Фэйсбук Анатоля Шумчанкі