Зэканомленыя 370 мільёнаў палачанін Яраслаў Пачопка прапануе выдаткаваць на добраўпарадкаваньне гораду. «У краіне, а тым больш у Полацку, цяпер нялёгкія часы, таму траціць 17 тысяч даляраў на новае аўто для “служак народу” мы лічым няслушным!» – гаворыцца ў пэтыцыі, разьмешчанай на сайце www.change.org.
Полацкі райвыканкам абвясьціў тэндэр на закуп новага аўто ў першыя дні студзеня. Набыць машыну плянуецца за сродкі мясцовага бюджэту не пазьней як 22 лютага. Пэтыцыя была складзеная літаральна на наступны дзень пасьля аб’явы пра тэндэр.
Пад пэтыцыяй ужо ня толькі подпісы, але і некалькі катэгарычных камэнтароў:
«У Полацку памірае вытворчая галіна, сярэдні заробак складае 3 мільёны, калі не паводле афіцыйнай статыстыкі, а па-сапраўднаму. Крычаць, што Полацак – цэнтар Эўропы, калыска дзяржаўнасьці, найстарэйшы горад Беларусі. А ў выніку што? Шпіталі зачыняюць, радзільні няма, турыстычная інфраструктура ня разьвітая...»
Іншыя камэнтатары згадваюць кепскі стан дарог, па якіх раяць чыноўнікам езьдзіць не на новым красовэры Peugeot 3008, а быць «нароўні з народам».
Пэтыцыя з подпісамі нязгодных адрасаваная ў Полацкі райвыканкам.
svaboda.org