На актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Андрэя Гайдукова склалі пратакол за акцыю салідарнасьці са зьніклымі беларускімі палітыкамі, якую ён правёў 16 лістапада ў Наваполацку.
«Пратакол склалі паводле часткі 3 артыкулу 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Я спадзяваўся, што будзе "несанкцыянаваны распаўсюд прадукцыі СМІ". Буду чакаць позвы ў суд», – распавёў актывіст.
Пратакол складалі ў міліцыі, куды Андрэя Гайдукова выклікалі тэлефанаваньнем. «Быў званок ад іх з пытаньнем, ці згодны я прыйсьці. Я сказаў так, толькі афармляйце позву. Сёньня [19 лістапада] зноў патэлефанавалі (капітан Рыбічонак Яўген Юр'евіч), сказалі, позву ўручаць там», – паведаміў ён.
Актывіст аргкамітэту БХД Андрэй Гайдукоў днём 16 лістапада правёў у Наваполацку акцыю салідарнасьці са зьніклымі беларускімі палітыкамі. Былі вывешаныя партрэты Зьмітра Завадзкага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Мінакам раздадзена больш за 100 улётак з цытаваньнем закліку Мікалая Статкевіча прыйсьці на акцыю памяці 24 лістапада. «Пры канцы акцыі падышоў чалавек у цывільным, які прадставіўся супрацоўнікам выканкаму. Атрымаўшы копію ўлёткі, ён сышоў, як і я. Усе матэрыялы раздадзеныя», – распавёў Андрэй Гайдукоў.
Паводле bchd.info