Журналісты лёзьненскай дзяржаўнай газэты «Сцяг Перамогі», па сутнасьці, распачалі агітацыйную кампанію за абраньне прэзыдэнтам дзейнага кіраўніка дзяржавы, хаця пакуль ідзе толькі збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты, і час для агітацыі яшчэ не надышоў.
Да такой высновы можна прыйсьці, калі азнаёміцца з артыкулам «Пачаўся збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты на пасаду Прэзыдэнта». Аўтар спачатку падае стандартную інфармацыю пра выбары, аналягічную той, якую можна ўбачыць на старонках іншых дзяржаўных СМІ, а пры канцы раптам «забывае», што на сёньняшні дзень на вылучэньне ў якасьці кандыдатаў ў прэзыдэнты прэтэндуюць восем чалавек, і два апошнія абзацы прысьвячае расповеду пра дзейнасьць ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі:
«У пятніцу ў гарпасёлку каля крамы "Кулінарыя" зьявіўся першы пікет па зборы подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Яго праводзілі чальцы ініцыятыўнай групы дзеючага Кіраўніка дзяржавы А. Р. Лукашэнкі. Многія з тых, хто падыходзіў, казалі пра тое, што з задавальненьнем аддаюць свой голас за Аляксандра Рыгоравіча, бо падтрымліваюць існы зьнешні і ўнутраны палітычны курс краіны.
У выходныя дні пікеты па зборы подпісаў таксама правялі сябры ініцыятыўнай групы А. Р. Лукашэнкі, прадстаўнікі раённых арганізацыяў фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ГА "Белая Русь"».
Ніводнага слова пра тое, як зьбіраюць подпісы за іншых патэнцыйных кандыдатаў, і што людзі кажуць пра іх – ані ў гэтым артыкуле, ані ў іншых – на старонках газэты няма.
Каб чытачы лепш зразумелі, што жыхары Лёзна «з задавальненьнем аддаюць свой голас за Аляксандра Рыгоравіча», а не за кагосьці іншага, тэкст, пад якім стаіць подпіс нейкай Людмілы Бірульковай, суправаджаецца двума фатаграфіямі. На адной зь іх БРСМаўцы, на другой – прафсаюзьнікі ў якасьці чальцоў ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. За імі вісіць партрэт Лукашэнкі. І на абодвух здымках выявы выбарцаў – бабулек, адна зь якіх размаўляе са зборшчыкамі подпісаў, а другая ставіць свой подпіс.
Калі гэткае непрыхаванае рэклямаваньне дзейнага прэзыдэнта, які пакуль яшчэ нават не зарэгістраваны кандыдатам на цяперашніх выбарах – і толькі яго аднаго – ня ёсьць агітацыяй за яго, то што такое агітацыя? Згодна з Выбарчым кодэксам, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі абавязаныя забясьпечваць роўныя магчымасьці для кандыдатаў. Імаверна, у журналістаў Лёзна нейкае ўласнае разуменьне Выбарчага кодэксу.
Віцебская вясна