Як гаворыцца на сайце ТАА «Лазер графікс», кампанія аказвае якасныя паслугі па друку рэклямнай паліграфічнай прадукцыі. Паслугамі кампаніі вырашыў скарыстацца і жыхар Лёзна Ўладзімер Собалеў, які замовіў шыльду з надпісам «Жыве беларус». Аднак такі надпіс не спадабаўся супрацоўнікам кампаніі, і заказчыку было прапанавана зьмяніць тэкст.
Уладзімер Собалеў: «Я просты мужык-беларус. Жыву і працую ў райцэнтры Лёзна. Нарадзіўся я ў вёсцы Замшына гэтага ж раёну. Я люблю тое месца, дзе зараз жыву. Даглядаю свой дом. Хоць і старэнькая хата, год перабудовы 1948, але амаль кожны жыхар райцэнтру ведае маю хату, добра ўпрыгожаную разьбой па дрэве. Засмучае толькі тое, што сучасныя людзі, у тым ліку і шматлікія перасяленцы, абыякава адносяцца да добраўпарадкаваньня таго асяродзьдзя, у якім яны жывуць. І вось для таго, каб пазначыць тую акалічнасьць, што этнічныя беларусы ў большасьці сваёй добрасумленныя людзі (да якіх належу і я), я заказаў для сябе ў менскай фірме «Лазер графікс» праз прадстаўніцу ў Віцебску невялічкую шыльдачку са словамі «Жыве беларус» (18 см х 82 см), якую хацеў бы павесіць у сваім двары. Але юрысты гэтай фірмы не дазволілі выраб такой шыльды. З той прычыны, што я наперад (па-іншаму яны не працуюць) поўнасьцю заплаціў грошы за выраб (157 тысяч рублёў, касавы квіток №248135, ад 04/05/2015), мне было прапанавана заказаць шыльдачку зь іншым тэкстам».
«Я хачу запытацца ў прэзідэнта: Чаму я, этнічны беларус, не магу называць сябе беларусам на радзіме сваіх продкаў? – задаецца пытаньнем Уладзімер Собалеў. – Калі я не атрымаю адказу на гэта пытаньне, то на маючыя адбыцца выбары прэзыдэнта не пайду! Атрымліваецца так, што пры існуючай уладзе я «БАН» (без адпаведнай нацыянальнасьці)».
Журналісты газэты «Наша Ніва», у якую напісаў ліст абураны спадар Уладзімер, сталі разьбірацца. Патэлефанавалі ў «Лазер графікс». Там успомнілі такога заказчыка зь Лёзна, а адмову патлумачылі вось як: «Не працуе цяпер абсталяваньне, таму і ня робяць шыльдаў», – сказалі спачатку. Але на наступны дзень зьвязаліся яшчэ раз і адказалі ўжо інакш: «У арганізацыі пакуль не было вытворчай магчымасьці зрабіць такую шыльду, не было матэрыялаў. Мы былі на картатэцы і не маглі закупіць іх. Таму мы можам або вярнуць грошы яму, або яму трэба пачакаць неакрэсьлены пэрыяд часу», – патлумачыла начальніца аддзелу продажаў віцебскага офісу арганізацыі Тацьцяна Смалей.
«Дык калі вы зможаце вырабіць гэтую таблічку?» – запыталіся журналісты. – «Мы пакуль ня можам гэта сказаць», – ухіліліся ад адказу ў «Лазер графікс».
«Яны падманваюць! – абураецца Ўладзімер Собалеў. – Яны мне адкрыта казалі, што ўзгаднялі тэкст шыльды ў Менску, у галоўным офісе, і тыя не далі згоды. Я заказваў шыльду, каб з аднаго боку было напісана "Удачы", а з другога – "Жыве беларус", дык яны пагаджаліся вырабіць "Удачы", а "Жыве беларус" – не».
Сапраўды, апраўданьні «Лазер графікс» аказаліся шытыя белымі ніткамі. Журналісты патэлефанавалі ў розныя офісы кампаніі і запыталіся, ці можна вырабіць шыльду з назвай кампаніі ў аналягічным выкананьні. Усюды была такая магчымасьць – робяць за два-тры дні.
Собалеў мяркуе, што ў кіраўніцтве кампаніі «Лазер графікс» сядзіць нейкі беларусафоб, і гэтым тлумачыцца ўся гэтая сытуацыя.
Паводле nn.by