Прычына забароны акцыі, заяўку на правядзеньне якой падавалі віцебскія сябры КХП-БНФ, традыцыйная. Намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Дзьмітры Шэрыкаў забараніў вулічнае шэсьце, спаслаўшыся на адсутнасьць у заяўнікаў дамоваў на яго абслугоўваньне камунальнікамі, мэдыкамі і міліцыянтамі.
Паводле словаў Яна Дзяржаўцава, аднаго з заяўнікаў забароненага шэсьця, улады ўжо дзясяткі разоў не давалі яму і яго аднапартыйцам дазволаў на акцыі менавіта на падставе адсутнасьці згаданых дамоваў. Як правіла, абслугоўваць мерапрыемствы апазыцыі пагаджаюцца толькі камунальнікі, у міліцыі ж і паліклініцы заўсёды знаходзяць нейкія прычыны, каб ухіліцца ад заключэньня дамоваў.
Гэтым разам усё адбылося як звычайна. Арганізатары шэсьця накіравалі заявы на заключэньне дамоваў у патрэбныя інстанцыі – і атрымалі адмовы.
Галоўны лекар Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікі Станіслаў Цітовіч паведаміў, што мэдычнае абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў ажыцьцяўляецца брыгадамі гарадзкой станцыі хуткай дапамогі пры адсутнасьці вялікай колькасьці выклікаў, «у сапраўдны перыяд назіраецца высокая абарачальнасць насельніцтва» (дакладная цытата на мове арыгіналу), таму скаардынаваць загадзя дзейнасьць брыгад хуткай дапамогі на дату меркаванага мерапрыемства нельга – такім чынам, заключэньне дамовы не ўяўляецца магчымым.
Быў атрыманы адказ і зь міліцыі. Намесьнік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму Юры Манькоў напісаў, што яго ведамства нібыта ня супраць заключэньня дамовы, але толькі пасьля таго, як гарвыканкам дасьць дазвол на правядзеньне шэсьця. Фактычна, гэта ёсьць адмова: згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», прынятым у 2009 годзе, арганізатары акцыяў павінны заключаць неабходныя дамовы да, а не пасьля атрыманьня дазволаў на масавыя мерапрыемствы; без такіх дамоваў, заключаных загадзя, правядзеньне мерапрыемстваў не дазваляецца.
Цягам амаль 6 гадоў, што мінулі з моманту прыняцьця рашэньня, якое рэгулюе парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Віцебску, мясцовым грамадзкім і палітычным актывістам ні разу не ўдалося выканаць патрабаваньні гэтага рашэньня, і ўлады ні разу не далі дазволу на правядзеньне пікетаў, мітынгаў ці вулічных шэсьцяў.
Актывісты спрабавалі зьмяніць сытуацыю праз звароты ў суды, патрабуючы скасаваць або зьмяніць невыканальнае рашэньне, але ўсе іх намаганьні былі беспаспяховымі. Паводле судзьдзяў, рашэньне Віцебскага гарвыканкаму прайшло юрыдычную экспэртызу, прызнанае не парушаючым дзейнае заканадаўства, а таму няма патрэбы нешта зьмяняць.
Віцебская вясна