Пра гэта ён распавёў жонцы па тэлефоне. Яму дазволілі патэлефанаваць дадому толькі пасьля таго, як Алена Каваленка наведала ў мінулую пятніцу дэпартамент выкананьня пакараньняў і паскардзілася на тое, што ня мае ад мужа ні лістоў ні званкоў…
Алена расказала “Дыялёгу”, што размова цягнулася ўсяго 10 хвілін. Пра сябе Сяргей казаў мала – больш цікавіўся, як адчуваюць сябе дзеці. Сказаў толькі, што спачатку далі 9 і 7 сутак ШІЗА, а ўжо ў ізалятары дадалі яшчэ 7 сутак. Агульным лікам адседзеў у карцары 23 дні.
Менавіта там і падхапіў хваробу, бо ў камеры было халодна. Выказаў меркаваньне, што адміністрацыя магілёўскай калёніі ўзмацняе на яго ціск тады, калі ў СМІ спадае інфармацыйная хваля.
“Прасіў, каб незалежныя СМІ не забываліся на яго. Наогул жа, я адчула, што настрой у Сяргея быў баявы, голас бадзёры. Казаў, каб я за яго не хвалявалася”, – распавяла Алена Каваленка.
Найверагодней, што з мэдчасткі у атрад Сяргея перавядуць ужо ў панядзелак 27 жніўня.
Нагадаем, што сябра КХП БНФ віцяблянін Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне рэжыму адбыцьця “хатняй хіміі”, якую атрымаў пасьля таго, як вывесіў на пачатку 2010 года бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы на плошчы Перамогі ў Віцебску. Сяргей Каваленка трымаў працяглую галадоўку, бо лічыць, што апынуўся за кратамі па палітычных матывах.