Сябры партыі КХП БНФ падалі 7 заявак на правядзеньне пікетаў за байкот ва ўсе гарадзкія адміністрацыі і атрымалі столькі ж адмоваў. Пікеты забаранілі з прычыны адсутнасьці ў заяўнікаў дамоваў са службамі, якія маюць абслугоўваць мерапрыемствы.
Сытуацыю, якая склалася вакол байкатаваньня выбараў у Віцебску, пракамэнтаваў для “Дыялёгу” адзін з заяўнікаў пікетаваньняў Ян Дзяржаўцаў.
“Я, перш чым пачаць гэтую кампанію, пацікавіўся ў Ярмошынай: як быць зь пікетамі за байкот, калі нам будуць адмаўляць? Маем мы права ці не? Дык яна адказала мне ў лісьце з ЦВК, што байкатаваць можна будзе на агульных умовах. Гэта значыць – падаваць заявы ўладам, яны разгледзяць і, калі ў цябе ня будзе дамоваў з арганізацыямі па абслугоўваньні пікетаў, дык дазволу не дадуць. Так і атрымліваецца. А мы ж, наіўныя, лічылі, што, калі байкатаваць падчас агітацыйнай кампаніі, будуць палёгкі, будзе дзейнічаць спрошчаны парадак правядзеньня такіх пікетаў, як і агітацыйных пікетаў кандыдатаў. Анічога такога няма…” – кажа Ян Дзяржаўцаў.
На ягоны погляд, гэта прамое парушэньне Канстытуцыі: “Пра якія выбары можа весьціся гаворка, калі йдзе гульня ў адны вароты. За выбары бяз выбараў. Калі ласка, ідзіце агітуйце, але, крый божа, не за байкот. Аднак жа, згодна з Канстытуцыяй, можна агітаваць і за байкот. Апынаецца, што – не… Нават Канстытуцыю парушаюць”.
Прыхільнікі байкоту зьбіраюцца абскардзіць рашэньні раённых адміністрацый Віцебска аб забароне правядзеньня заяўленых пікетаваньняў.
Будзем тлумачыць, каб людзі разумелі, што ў нас фактычна выбараў няма і йсьці на іх – гэта несусьветнае глупства...
“Абскарджваць будзем абавязкова, а далей будзем яшчэ падаваць заявы на правядзеньне пікетаў за байкот выбараў на 22 верасьня. Будзем улёткі распаўсюджваць, будзем тлумачыць людзям, што гэта ўлада не народная, што яна ўвесь час парушае правыграмадзян. Будзем тлумачыць, каб людзі разумелі, што ў нас фактычна выбараў няма і ісьці на іх – гэта несусьветнае глупства”, – упэўнены Ян Дзяржаўцаў.