Павел Левінаў хацеў зладзіць пікетаваньне 19 жніўня, каб публічна выказаць сваё меркаваньне наконт дзеяньняў намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебска Натальлі Ляпёшкінай, якая, на думку заяўніка, пазбаўляе грамадзян права на мірныя сходы.
Пікетаваньне мелася доўжыцца ўсяго адну хвіліну – ад 21.30 да 21.31. Парадокс у тым, што адмовіла Левінаву ў правядзеньні пікету ўсё тая ж усюдыісная Ляпёшкіна.
Прычына адмовы стандартная для адпісак апошніх гадоў – адсутнасьць дамоваў з арганізацыямі, якія павінны абслугоўваць мерапрыемства. У прыватнасьці – з гарадзкой ЖКГ, “хуткай дапамогай” ды міліцыяй. Нічога новага Ляпёшкіна не прыдумала. Такім чынам, аказваецца, што нават калі мерапрыемства імгненнае, яго ўсё адно трэба ахоўваць, падчышчаць ды лячыць…
І гэта пры тым, што, паводле заяўкі, у якасьці мераў, зьвязаных з абслугоўваньнем мерапрыемства, Левінаў абавязаўся пільна назіраць за станам свайго здароўя і пры неабходнасьці імгненна інфармаваць медыцынскія ўстановы. Не засьмечваць сцэнічную пляцоўку ў парку чыгуначнікаў, на якой мелася адбыцца мерапрыемства. А таксама не парушаць грамадзкі парадак і бясьпеку, не ствараць перашкодаў руху пешаходаў і транспарту.
нават калі мерапрыемства імгненнае, яго ўсё адно трэба ахоўваць, падчышчаць ды лячыць
Заяўнік абяцаў пастаянна прысутнічаць на месцы правядзеньня мерапрыемства, мець бэйджык, не усталёўваць намёты, не карыстацца незарэгістраванымі сцягамі ды вымпеламі, не хаваць свой твар пад маскай ды іншае.
Праваабаронца таксама адзначыў у заяве, што рэалізацыя правоў грамадзян на свабоднае выяўленьне сваіх поглядаў і на мірныя сходы – найважнейшае палітычнае права. Зьвярнуў увагу на тое, што пазначанае ў заяве месца (парк адпачынку чыгуначнікаў у Віцебску) прыдатнае для пікетаваньня і не падпадае пад устаноўленыя законам абмежаваньні, гэта значыцца законам не забаронена.
Павел Левінаў зьбіраецца абскардзіць рашэньне Ляпёшкінай аб забароне пікету супраць дзеяньняў Ляпёшкінай жа. Абсурд нарастае…
А ў віцяблян узьнікае лагічнае пытаньне. Ці можна ў Віцебску публічна і законна сказаць хоць тры слова, не заключаючы дамоваў з ЖКГ ды міліцыяй? Ды каб рот не затыкалі ляпёшкіны. На тры словы спатрэбілася б некалькі сэкунд…