Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД), былы палітвязень Павал Севярынец “удзячны Богу” за тры гады, якія ён правёў у спэцкамэндатуры № 7 (вёска Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці) па прыгаворы суду. Пра гэта палітык заявіў журналістам 19 кастрычніка ў Менску, куды ён прыбыў адразу пасьля вызваленьня.
На чыгуначным вакзале Менску Севярынца сустрэлі яго сябры і аднадумцы, у тым ліку сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўкі, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, старшыня і намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Малады фронт” (Чэхія) Зьміцер і Наста Дашкевічы. Група журналістаў і апэратараў была затрыманая незадоўга да прыбыцьця цягніка ў Менск. Прадстаўнікоў СМІ адпусьцілі з пастарунку міліцыі толькі пасьля таго, як Севярынец пакінуў будынак вакзалу.
Сустрэча вызваленага палітыка з журналістамі адбылася ўжо на прыватнай кватэры. Паплечнікі па БХД сустрэлі Севярынца тортам з малюнкам партыйнай сымболікі. Расказваючы пра сваё знаходжаньне ў спэцкамэндатуры Купліна, Павел адзначыў, што там быў “звычайны рабочы рытм”. “Дзякуй Богу, можна было карыстацца мабільным тэлефонам. Я ўдзячны Богу за гэтыя тры гады, таму што гэта было духоўнае вандраваньне”, — сказаў Севярынец.
Паводле яго слоў, умоўна-датэрміновае вызваленьне (УДВ) да яго не прымянілі таму, што для ўлады было прынцыпова паказаць сваю сілу. Да таго ж палітык не пісаў прашэньне аб УДВ.
Севярынец расказаў, што а палове на чацьвертую раніцы яго раптам разбудзілі супрацоўнікі спэцкамэндатуры і загадалі зьбіраць рэчы. Пасьля гэтага яго даставілі на чыгуначную станцыю і ўручылі білет на цягнік да Менску. Паводле слоў Паўла, супрацоўнікі міліцыі нават дапамагалі яму несьці багаж, а намесьнік начальніка спэцкамэндатуры з усьмешкай заявіў, што, паколькі ў Севярынца дзьве судзімасьці, “ісьці ў прэзыдэнты” ён ужо ня можа.
Паводле слоў палітыка, спадарожнікі, зь якімі яму давялося ехаць у цягніку, пазналі яго, выказвалі сваю падтрымку і цікавіліся лёсам іншых асуджаных па справе аб масавых непарадках 19 сьнежня 2010 году.
Севярынец таксама расказаў, што, прыбыўшы ў Менск і даведаўшыся пра затрыманьне журналістаў, ён паспрабаваў прайсьці ў пастарунак, дзе знаходзіліся затрыманыя. Аднак яму параілі хутчэй сыходзіць, адзначыўшы, што, як толькі ён пакіне вакзал, журналістаў адпусьцяць.
Паводле меркаваньня Севярынца, татальных затрыманьняў у гэты дзень удалося пазьбегнуць таму, што ў Менску цяпер працуе місія Міжнароднага валютнага фонду, у якога ўлады Беларусі зьбіраюцца прасіць чарговы крэдыт.
21 кастрычніка Севярынец павінен стаць на ўлік у РАУС па месцы жыхарства, у Віцебску. Патрабаваньняў па працаўладкаваньні яму не выстаўлялі, аднак папярэдзілі, што палітык павінен паведамляць пра ўсе зьмяненьні ў сваім жыцьці — няхай гэта будзе прапіска, сямейнае становішча ці штосьці іншае.
Павал Севярынец заявіў, што мае намер працягваць займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю.
Павал Севярынец, які падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў кіраваў выбарчым штабам кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД Віталя Рымашэўскага, адбываў трохгадовае пакараньне за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году. Яго арыштавалі ў ноч на 20 сьнежня на выхадзе з плошчы Незалежнасьці. Пяць месяцаў пасьля арышту Севярынец правёў у сьледчым ізалятары КДБ.
У траўні 2011 году суд Заводзкага раёну Менску прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прысудзіў да трох гадоў абмежаваньня волі ў Куплінскай спэцкамэндатуры № 7.
БелаПАН