Любоў Кавалёва і Тацьцяна Козяр – маці і сястра асуджанага да сьмяротнага пакараньня і расстралянага 15 сакавіка 2012 году Ўладзіслава Кавалёва, абіванавачанага ў тэракце ў мэтро ў Менску, зьвярнуліся ў суд Кастрычніцкага раёну сталіцы са скаргай на неправамерныя дзеяньні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэту дзяржбясьпекі.
Родныя Кавалёва лічаць, што адмова паведаміць зьвесткі пра месца пахаваньня Ўладзіслава парушае міжнародныя стандарты, а таксама зьвяртаюць увагу на парушэньне Закону “Аб зваротах грамадзян”.
Паводле слоў юрыста-праваабаронцы Рамана Кісьляка, родныя У. Кавалёва абскардзілі адмову Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў у дачы зьвестак пра месца ягонага пахаваньня ў Міністэства ўнутраных спраў. Адтуль скарга была “спушчаная” ў дэпартамэнт, то бок у той самы ворган, на які яны скардзіліся – гэта першае парушэньне.
Другое парушэньне ў тым, што ў адмове раскрыць родным месца пахаваньня дзяржворганы спасылаюцца на арт. 175 ч. 5 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, які не адпавядае патрабаваньням арт. 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, які забараняе катаваньні і жорсткае абыходжаньне. Практыка не разгалошваць блізкім інфармацыі, дзе пахаваны расстраляны паводле прысуду, падпадае пад дзеяньне гэтага артыкулу.
На думку Рамана Кісьляка, калі існуе супярэчнасьць паміж Крымінальна-выканаўчым кодэксам і Міжнародным пактам, перавага павінны аддавацца Міжнароднаму пакту.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”