Асуджэньне Андрэя Гайдукова зьяўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Беларускага Хэльсынскага камітэту і закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Праваабаронцы зазначаюць, што асуджэньне Гайдукова “ў значнай ступені мела на мэце павышэньне ролі і значнасьці КДБ у дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадзтве мэтадамі, а пазбаўленьне волі было прымененае з парушэньнем права на справядлівы судовы разбор, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох, працягласьць пазбаўленьня волі яўна непрапарцыянальная (неадэкватная) правапарушэньню, у якім асоба была прызнаная вінаватай”.
Аўтары заявы патрабуюць неадкладна вызваліць Гайдукова, адмяніць незаконна вынесены прысуд і перагледзець яго пры выкананьні права на справядлівы судовы разбор.
Гайдукоў быў асуджаны 1 ліпеня паводле часткі 1 артыкулу 14 і артыкулу 3561 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (замах на ўстанаўленьне супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, ворганам бясьпекі ці разьведвальным ворганам замежнай дзяржавы). Віцебскі абласны суд пад старшынствам Галіны Ўрбановіч прыгаварыў яго да паўтара года пазбаўленьня волі.
Як зазначаюць праваабаронцы, крымінальны перасьлед Гайдукова пачаўся ў лістападзе 2012 году, калі ён быў затрыманы супрацоўнікамі дзяржбясьпекі і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. 13 лістапада 2012 году КДБ распаўсюдзіў інфармацыю пра спыненьне супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які займаўся на заданьне замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару. У дачыненьні да затрыманага была распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці). Ужо падчас судовага разбору абвінавачаньне перакваліфікавалі.
Праваабаронцы таксама канстатуюць, што папярэдняе расьсьледаваньне і судовы разбор былі поўнасьцю закрытымі і непразрыстымі, нягледзячы на павышаную цікавасьць да гэтай справы з боку грамадзкасьці і СМІ. Пры гэтым кампэтэнтнымі ворганамі не было дадзена ніякага абгрунтаваньня неабходнасьці разгляду справы ў закрытым судовым пасяджэньні.
“З улікам таго, што Гайдукову спачатку ставілася ў віну ўчыненьне больш цяжкага злачынства (арт. 356 КК — здрада дзяржаве), а ў далейшым яго дзеяньні былі перакваліфікаваныя на менш цяжкае злачынства, можна меркаваць, што неабходнасьць у разглядзе гэтай справы ў закрытым судовым разборы была выкліканая жаданьнем утаіць ад грамадзкасьці незаконныя мэтады расьсьледаваньня і правакаваньне абвінавачванага да ўчыненьня больш цяжкага злачынства”, — сказана ў заяве.
На думку праваабаронцаў, такая кваліфікацыя ўчыненага судом паказвае, што “КДБ увёў у зман грамадзкасьць у той час, як супрацоўнікамі КДБ не было выяўлена факту ўстанаўленьня грамадзянінам Рэспублікі Беларусь супрацьпраўнага супрацоўніцтва з ворганамі замежнай дзяржавы”. Пры ўстаноўленых акалічнасьцях супрацоўнікі КДБ працягвалі схіляць Гайдукова да ўчыненьня больш цяжкага злачынства, г.зн. учынілі правакацыю, падкрэсьліваецца ў заяве.
Аўтары заявы таксама зазначаюць, што падчас расьсьледаваньня парушалася права Гайдукова на абарону, адвольна абмяжоўваліся яго сустрэчы з адвакатам. Кантакты са сваякамі былі абмежаваныя нерэгулярным, жорстка цэнзураваным ліставаньнем. Мерай узьдзеяньня на адваката Гайдукова стала папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці за абвяшчэньне зьвестак папярэдняга расьсьледаваньня. “Гэтая мера, якая празьмерна шырока прымяняецца на практыцы, сур’ёзна абмяжоўвае магчымасьці адваката адстойваць інтарэсы свайго падабароннага”, — падкрэсьліваецца ў заяве.
Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што артыкул 3561 быў унесены ў КК Беларусі ў лістападзе 2011 году. “Беларускія праваабаронцы ўжо тады ўказвалі на недапушчальнасьць выкарыстаньня ў крымінальным законе неканкрэтных азначэньняў, у тым ліку якія дапускаюць адвольнае ці расшыральнае іх тлумачэньне”, зазначаецца ў заяве.
Пры канцы траўня 2013 году з заявы старшыні КДБ Валер Вакульчыка стала вядома, што крымінальная справа па абвінавачаньні Гайдукова накіраваная ў суд, дзе будзе разгледжаная на закрытым судовым пасяджэньні; выстаўленае абвінавачаньне не мянялася. На думку праваабаронцаў, “такая празьмерная актыўнасьць кіраўніка КДБ, а не пракуратуры, якая падтрымлівае абвінавачаньне ў судзе, у асьвятленьні дэталяў і пэрспэктыў судовага разбору сьведчыла пра магчымы ўплыў КДБ на высновы і працэсуальныя рашэньні суду”. “Характар абвінавачаньня з улікам грамадзкай значнасьці справы не пакідае сумненьняў у тым, што разгляд яе ў судзе павінен быў прайсьці з выкананьнем прынцыпу галоснасьці, бо перадумоў для яго абмежаваньня, прадугледжаных законам, не існавала”, — гаворыцца ў заяве.
Праваабарончыя арганізацыі таксама зазначаюць, што дзеяньне, за ўчыненьне якога асуджаны Гайдукоў, адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі. Да асобы, якая абвінавачваецца ў яго ўчыненьні, нельга прымяніць меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.
“Аналіз наяўных дадзеных не дазваляе зрабіць выснову пра тое, што прызначанае судом пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі зьяўляецца апраўданым. На наш погляд, факт прызнаньня судом Гайдукова вінаватым у замаху на ўчыненьне злачынства, што адносіцца да катэгорыі, якая не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, раней не судзімага, не дазваляў суду прымяніць да яго рэальнае пазбаўленьне волі. Такім чынам, узяцьце пад варту і асуджэньне на пазбаўленьне волі зьяўляецца самавольным”, — падкрэсьліваецца ў заяве беларускіх праваабаронцаў.
Апэратар наваполацкага НПЗ “Нафтан”, лідэр незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня “Саюз маладых інтэлектуалаў” Андрэй Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада 2012 году. Паводле вэрсіі сьледзтва — “у момант закладкі тайніка са зьвесткамі, што цікавяць замежныя спэцслужбы”. Прадстаўнікі апазыцыі і праваабаронцы зьвязваюць крымінальны перасьлед Гайдукова зь яго актыўнай грамадзкай дзейнасьцю. Абарона асуджанага актывіста мае намер абскардзіць прысуд.
БелаПАН