Праваабаронца Павал Левінаў здабыў інфармацыю пра тое, што Віцебскім абласным судом 22 верасьня 2017 году быў вынесены сьмяротны прысуд. Ён набыў законную моц 6 кастрычніка 2017 году. Гэты прысуд не абскарджваўся і не апратэстоўваўся. Асуджаны па віцебскай справе зьмешчаны ў Сьледчы ізалятар № 1 Менску.
Дагэтуль праваабаронцам было вядома пра шэсьць грамадзян, асуджаных да сьмяротнага пакараньня, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА №1. Некаторыя зь іх беспасьпяхова абскардзілі прысуды ў Вярхоўным судзе. Гэта жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які зімой 2016 году забіў дваіх уласных дзяцей, раней неаднойчы судзімы жыхар Нароўлі Алесь Міхаленя, які ў сакавіку 2016 году забіў суседзяў-пэнсіянэраў. Яшчэ двое – Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны – фігуранты гучнай справы “чорных рыэлтараў” з Магілёва, якія чынілі забойствы, каб завалодаць жытлом ахвяраў.
А сёлета Менскі гарадзкі суд вынес два сьмяротныя прысуды менчукам Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарку за забойства маладой пары ў Менску і мужчыны ў Калодзішчах. Спачатку іх прысудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня, але Вярхоўны суд вярнуў справу на перагляд. Цяпер у іх засталося права падаць скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.
Паводле spring96.org