У Менску суд задаволіў скаргу на пратакол ДАІ, раней складзены ў дачыненьні да пробашча касьцёла Сьвятога Антонія ў Віцебску. Ксёндз Вячаслаў Барок быў аштрафаваны 1 ліпеня на каталіцкім фэсьце ў Будславе за незаконную паркоўку. Каля касьцёла была арганізаваная стаянка машын сьвятароў, але віцебскага ксяндза супрацоўнікі ДАІ не прапусьцілі да гэтай стаянкі і аштрафавалі.
Ксёндз Вячаслаў аспрэчваў пратакол, але падчас адміністрацыйнага працэсу сьвятара зноў прызналі вінаватым. Аднак 12 кастрычніка суд разгледзеў скаргу на пастанову ДАІ.
«Працэс доўжыўся 15 хвілін, судзьдзя імкнуўся паглыбіцца ў сутнасьць справы, дазваляў ў поўнай меры выказацца адвакату», – паведаміў сьвятар на сваёй старонцы ў Facebook. Назаўтра суд абвясьціў рашэньне – пастанова аб прыцягненьні ксяндза Вячаслава да адміністрацыйнай адказнасьці скасаваная, пратакол накіраваны на дапрацоўку.
«Гэта маленькая перамога. І надзея на сілу правасудзьдзя ўзрастае», – пракамэнтаваў сьвятар.
belaruspartisan.org
Фота: Барбара Церашкова, news.vicebsk.cc