Сэнатар Ганна Шарэйка не разумее, чаму яна, кіраўнік са стажам, павінна апраўдвацца ў судзе за дом, лецішча ў глухой вёсцы, машыну і каханьне зь летувіскім бізнэсоўцам.
– Гэты злашчасны дом – як бяльмо для ўсіх. Чаму я тады працавала ўсё жыцьцё, калі не магу дазволіць мінімальныя даброты ў перадпэнсійным веку? Я ня крала ў дзяржавы! – заявіла ў аўторак у Вярхоўным судзе сэнатар і дырэктар Віцебскай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка.
Яна казала гучна, выразна, эмацыйна, часта спасылаючыся на лічбы і статыстыку.
– Ганна Васільеўна ўзрушвае, – казалі ў перапынку адвакаты.
Нагадаем, ужо трэці месяц суд разглядае гучную справу кіраўніцы птушкафабрыкі «Ганна». Разам зь ёй у статусе абвінавачанага апынуліся яшчэ 6 чалавек. Сьледзтва ўпэўненае: падчас тэндэру на пастаўку кармоў Шарэйка лабіявала інтарэсы кампаніі «Руском-Р», якая фактычна належыць яе летувіскаму каханку Вальдэмарасу Норкусу, і адхіліла больш выгадную прапанову ААТ «Экамол», што спрычынілася да шкоды ў 4 мільярды рублёў.
– Як можна так усё перайначыць? Пра якое лабіяваньне вядзецца? – не хавала свайго абурэньня Ганна Шарэйка. – Ніколі на плянёрках не казала, што купляць прэміксы трэба толькі ў "Руском-Р». Як бы я потым глядзела ў вочы спэцыялістам? Я дзейнічала сумленна, слушна і справядліва. Ніколі не абмяркоўвала з Норкусам дома працоўныя справы. У мяне былі два сьветы – дом і праца, і гэтыя сьветы ніколі не блытала. Валасы ўставалі на галаве, калі чытала абвінавачаньне.
А далей дзяржабвінаваўца стаў цікавіцца ўсім: калі была прададзеная кватэра і пабудаваны дом? Ці начаваў Норкус у Шарэйцы? Калі яны сталі жыць разам? Хто плаціў у рэстарацыі за вячэру?
– Усё распавяду, мне няма чаго хаваць. Прадаўшы кватэру, пазычыла грошай у сясьцёр пад сумленнае слова, дагэтуль не разьлічылася. У 2009 годзе брала ў Норкуса пазыку і вярнула.
– Дык дзе вы ўзялі грошы на будаўніцтва дома? – удакладніў пракурор Мяцельскі.
– Паслухайце, я 40 гадоў працавала. Няўжо не магу пабудаваць катэдж у 230 квадратаў, зь іх толькі 120 квадратаў жылых? Чым гэты дом адрозьніваецца ад іншых? У ім няма нічога звышнатуральнага: сьцены пафарбаваныя фарбай, напалову зроблены са шкла, гэта дазволіла зрабіць таньнейшым праект. Так, ён выглядае ня гэтак, як усе дамы ў Віцебску, бо яго праектавалі ў Летуве.
– Вы аб'езьдзілі паўсьвету. За якія сродкі? – спытаў дзяржабвінаваўца.
– Сьледзтва пераблытала ўсе паездкі – і асабістыя, і камандзіроўкі. Ад птушкафабрыкі я была ў Італіі, Ізраілі, Турэччыне, Бэльгіі, Нямеччыне, Галяндыі... З Норкусам нас зьвязвалі толькі шчырыя, нічым не абцяжараныя пачуцьці. Я і цяпер ня ведаю, што ў яго ёсьць з маёмасьці і на каго яна зарэгістраваная.
– Пачуцьці – гэта добра, але есьці хочацца заўсёды, – адзначыў пракурор Мяцельскі. – Хто плаціў за паездкі?
– Норкус эўрапейскі чалавек, а я незалежная жанчына. Кожны плаціў за сябе. Мы не вялі супольнай гаспадаркі, толькі дамовіліся, што ў новым доме я аплачваю інтэрнэт, электраэнэргію, вываз сьмецьця, а ён – акварыюм, басэйн і забясьпечвае прыборку.
– А ў рэстарацыі хто плаціў?
– Паслухайце, няўжо мужчына ня можа за мяне заплаціць? Так, я ела за ягоны рахунак, – усьміхалася Шарэйка. – Мяне зьдзівіла, што ў матэрыялах крымінальнай справы яшчэ і тэхніку ў доме пералічылі. Дзяржаўны абвінаваўца, вось у вас дома «Віцязь» стаіць? (пракурор усьміхнуўся, але прамаўчаў. – Рэд.). У мяне, як і ва ўсіх, стаіць Sony. І што? Сьледзтва ўсё перагарнула. Дом – гэта маё адзінае жытло, рахункаў няма, бізнэсу таксама, сваякоў перакапалі, усе жывуць сьціпла.
Ганьне Шарэйцы давялося таксама тлумачыць, чаму яна тэлефанавала кіраўніцтву «Руском-Р», навошта прасіла пагасіць перад імі доўг.
– Не даводзьце усё да абсурду. Гэта працоўныя пытаньні. На дзень у мяне тысяча тэлефанаваньняў. Хай бы хто пажыў у такім рытме, як працавала я, звар’яцеў бы, – адзначыла Шарэйка. – Пісьменнаму чалавеку зразумела і бачна, як праводзілася праверка «Экамолу» і Віцебскай птушкафабрыкі. Калі б сьледзтва пагадзілася правесьці эканамічную экспэртызу, усё стала б на свае месцы, але нам двойчы адмовілі.
Пра тое, што справы на фабрыцы цяпер ідуць ня вельмі добра, кажуць і цяперашнія супрацоўнікі, і тыя, хто зараз сядзіць за кратамі. Паводле лічбаў, агучаных у судзе, у 2015 годзе прадпрыемства недаатрымала прыбытку ў 194 мільярды. А ў ранейшых гадох прыбытак складаў 10 мільёнаў даляраў.
– Калі б не адсутнічалі кіраўніцтва і ключавыя спэцыялісты, якія цяпер знаходзяцца пад вартай, гэтага не было б! Мы прайшлі такую загартоўку! У фабрыцы цяпер цяжкае фінансавае становішча, няма за што купляць дабаўкі, кармы. Спэцыялісты напалоханыя праваахоўнымі органамі і баяцца выбраць лепшага вытворцу. Гэта праваахоўныя органы наносяць шкоду – і далей усё ідзе па нахільнай, – упэўненая Ганна Васільеўна.
Адзіны, хто выступіў супраць Шарэйцы і яе каманды – Уладзімер Ліяранцэвіч. Ён адзіны, хто застаецца на волі і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. На сьведчаньнях былога галоўнага спэцыяліста фабрыкі будуецца ўсё абвінавачаньне. Аднак у судзе высьветлілася: у той дзень, калі Шарэйка нібыта выклікала яго ў габінэт і дала ўказаньне, каб тэндэр выйграў «Руском-Р», Ганна Васільеўна была за мяжой.
– Усе словы хлусьлівыя, і ўсе заявы Ліяранцэвіча можна абвергнуць, – дадала Шарэйка.
Працэс працягваецца.
Кацярына Барысевіч, kp.by
Фота: Сяргей Гапон