Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына паабяцала праваабаронцу Леаніду Сьвеціку ўлічыць ягоную прапанову пра ўнясеньне зьменаў у дзейнае выбарчае заканадаўства. Аднак праваабаронца сумняваецца, што гэта будзе зроблена.
У сваім звароце ў ЦВК праваабаронца паведаміў, што падчас назіраньня за працэсам галасаваньня на апошніх выбарах прэзыдэнта краіны ён сутыкнуўся зь неабгрунтаванай забаронай фіксаваць працэс галасаваньня і падліку галасоў. Гэта адбылося на выбарчым участку №16 Першамайскага раёну Віцебску. Старшыня ўчастковай камісіі паведаміў яму, што ўчастковая камісія прыняла рашэньне пра забарону вядзеньня на тэрыторыі выбарчага ўчастку фота- і відэаздымак.
Азнаёміцца з пратаколам паседжаньня, на якім была уведзеная гэтая забарона, старшыня ўчастковай камісіі праваабаронцу адмовіў. Тым не менш весьці фота- і відэаздымкі на ўчастку яму не дазволілі. Ад іншых віцебскіх назіральнікаў праваабаронца даведаўся, што падобныя рашэньні былі прынятыя і іншымі камісіямі.
На думку Леаніда Сьвеціка, рашэньні пра забарону вядзеньня на тэрыторыі выбарчых участкаў фота- і відэаздымак не грунтуюцца на законе, а таму ўчастковыя выбарчыя камісіі перавысілі свае паўнамоцтвы. Бо, згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, нацыянальным назіральнікам не забаронена рабіць фота- і відэаздымкі на выбарчым участку.
Таму спадар Сьвецік прапанаваў ЦВК ініцыяваць унясеньне зьменаў у артыкул 13 Выбарчага кодэксу ў частцы пашырэньня правоў нацыянальных назіральнікаў. А менавіта, упісаць у выбарчы закон наступнае палажэньне: «Назіральніку дазволена вядзеньне фота- і відэаздымак на выбарчым участку на тэрыторыі выбарчага ўчастку». Праваабаронца выказаў упэўненасьць, што канкрэтызацыя правоў нацыянальных назіральнікаў дазволіць у поўнай меры рэалізаваць прынцып галоснасьці выбараў, што праводзяцца ў краіне, павысіць давер да нацыянальнай выбарчай сыстэмы, звузіць магчымасьці фальшаваньня вынікаў электаральных кампаніяў.
На гэта зварот Лідзія Міхайлаўна адказала гранічна коратка:
«Паведамляем, што падставай для забароны ўчастковымі камісіямі назіральнікам на вядзеньне здымак на ўчастках зьяўляліся нормы артыкулу 13 Выбарчага кодэксу, якія зьмяшчаюць вычарпальны пералік правоў назіральнікаў, і прыняцьця ўчастковымі камісіямі рашэньняў пра такую забарону не патрабавалася. Як Вы і адзначаеце ў сваім звароце, у названым артыкуле права назіральнікаў праводзіць фота- і відэаздымкі не прадугледжана. Цэнтральная камісія не надзеленая правам заканадаўчай ініцыятывы па ўнясеньні зьменаў у выбарчае заканадаўства, разам з тым у далейшым пры яго ўдасканаленьні узьнятае Вамі пытаньне можа быць прапанаванае для разгляду ў вызначаным парадку».
Тым ня менш Леанід Валянцінавіч сумняваецца ў тым, што ягоная прапанова будзе якім-небудзь чынам улічаная падчас зьмены Выбарчага кодэксу напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў. Бо калі назіральнікі атрымаюць магчымасьць рабіць фота- і відэаздымкі на выбарчых участках, гэта дапаможа зафіксаваць незаконную агітацыю на ўчастках і ўскладніць маніпуляцыі зь бюлетэнямі падчас падліку галасоў выбаршчыкаў.
Лявон Яфрэменка