Віцебская стваральніца прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч распавяла пра спробы высьветліць стаўленьне кандыдатаў у прэзыдэнты да праблем малога бізнэсу. З усіх кандыдатаў адказала прадпрымальнікам толькі Тацьцяна Караткевіч.
«Мы склалі шэраг важных для нас пытаньняў, якія тычацца далейшага разьвіцьця прадпрымальніцтва ў Беларусі. І даслалі іх – тады яшчэ не кандыдатам, а прэтэндэнтам на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, нашы лісты яны атрымалі яшчэ на этапе збору подпісаў. Адгукнуліся Анатоль Лябедзька і Віктар Цярэшчанка, якія пазьней не былі зарэгістраваныя кандыдатамі. А з зарэгістраваных кандыдатаў – толькі Тацьцяна Караткевіч. Замест адказаў ад кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, якія былі важныя нам менавіта ў якасьці вэктару дзейнасьці патэнцыйнага кіраўніка дзяржавы, мы атрымалі ліст з адміністрацыі. І ў лісьце не адказы на нашы пытаньні, а паведамленьне, што мы зьвярнуліся "ў неналежнай форме"», – распавяла Ірына Яскевіч.
Паводле прадпрымальніцы, яна даслала ліст праз электронную форму на сайце www.president.gov.by, але пазначыла, што гэта зварот менавіта да кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.
«Хіба існуюць нейкія адмысловыя правілы звароту да кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду? Такога ў беларускім заканадаўстве не прапісана. Мы хацелі пачуць меркаваньне менавіта кандыдата – пра пэрспэктывы і зьмены, якія прыйдуць або не прыйдуць зь ягоным абраньнем. А нас папросту праігнаравалі. Ці, можа, Лукашэнка не атрымаў нашага ліста?» – разважае прадпрымальніца.
Ірына Яскевіч падкрэсьлівае, што ў Віцебску не анансаваліся сустрэчы выбаршчыкаў з Аляксандрам Лукашэнкам, таму адзіны спосаб зьвязацца зь ім непасрэдна – гэта ліставаньне. Аднак электронны ліст, адрасаваны яму, не дайшоў да адрасата.
Не ўдалося скантактавацца і яшчэ з адным кандыдатам – Мікалаем Улаховічам. Пра яго мала вядома шараговым жыхарам Беларусі, і прадпрымальнікі проста не знайшлі ў інтэрнэце аніякіх кантактаў для ліставаньня.
«Нашы аднадумцы зь Менску тры дні хадзілі да офісу спадара Улаховіча, але там увесь час было зачынена. Таксама двойчы мы зьвярталіся да ініцыятыўнай групы Сяргея Гайдукевіча. Зь ім самім зьвязацца таксама не ўдалося, хоць у ініцыятыўнай групе запэўнілі, што на нашы пытаньні адкажуць. Праўда, адказу няма і дагэтуль», – кажа Ірына Яскевіч.
Прадпрымальнікі сфармулявалі 9 пытаньняў, ад вырашэньня якіх, на іхную думку, залежыць лёс дробнага прадпрымальніцтва як такога. Іх цікавіла, ці гатовыя патэнцыйныя прэзыдэнты падтрымаць зьмены ў заканадаўстве, улічваючы прапановы ІП, ці будзе падтрыманая ініцыятыва зарэгістраваць прафсаюз прадпрымальнікаў, ці будзе ўлічанае меркаваньне прадпрымальнікаў пры прызначэньні галіновых міністраў і іншых адказных асобаў, і гэтак далей. Тое, што адказы ўдалося атрымаць толькі ад Тацьцяны Караткевіч, наводзіць на думку, што кандыдатаў у прэзыдэнты мала хвалююць праблемы прадпрымальнікаў. Або некаторыя з кандыдатаў абсалютна ня вераць у тое, што яны змогуць трапіць на найвышэйшую дзяржаўную пасаду і вызначаць напрамкі эканамічнага разьвіцьця краіны.
С. Горкі, Віцебская вясна