22 жніўня ў Менскім гарадзкім судзе пасьля шматмесячнага перапынку працягнуўся судовы працэс па справе, узбуджанай у дачыненьні да колішняга намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Леаніда Кавалёва. Раней, да таго як займець высокую пасаду на Віцебшчыне, былы чыноўнік узначальваў БРСМ. У чым канкрэтна ён абвінавачваецца - дакладна не вядома. Навогул жа, уся гэтая справа пакрытая цемрай невядомасьці.
Так, дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што судовы працэс адбываўся “ў адкрытым рэжыме”. Інфармацыю пра нібыта адкрытасьць суду і некаторыя падрабязнасьці справы, узятыя са стужкі навін БелТА, неўзабаве падхапілі шматлікія мэдыі ў Беларусі і за мяжой. Аднак насамрэч працэс наўрад ці можна назваць адкрытым: ніхто з прадстаўнікоў грамадзкасьці ня толькі ня здолеў патрапіць у залю суду, але нават ня змог загадзя даведацца пра дзень і час, калі судовае паседжаньне мусіць адбыцца.
Першымі, хто западозрыў, што суд над Леанідам Кавалёвым аднавіўся, былі журналісты газэты “Наша Ніва”. Яны тэлефанавалі ў Менскі гарадзкі суд, каб высьветліць інфармацыю наконт справы ў дачыненьні іншага колішняга чыноўніка - яго абвінавачваюць у крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі - начальніка сакратарыяту Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Глеба Бядрыцкага. Заадно спыталі і пра тое, калі ж нарэшце адбудзеццца працяг разгляду справы Кавалёва. Ды былі вельмі зьдзіўленыя, пачуўшы раптам у адказ фразу: “Зьвестак няма!” - на гэткае самае пытаньне супрацоўнікі суду раней заўсёды адказвалі па-іншаму, нешта накшталт “справа не аднавілася” або “судзьдзя ў адпачынку”.
Па выніках свайго тэлефанаваньня ў сэктар па крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях Менскага гарадзкога суду журналісты “Нашай Нівы” апублікавалі на сайце выданьня артыкул пад назовам “Суды над высокімі чыноўнікамі хочуць правесці па-ціхаму?”. Мінула ўсяго толькі дзьве гадзіны пасьля зьяўленьня публікацыі - і зьнячэўку БелТА падае ўжо ўласную інфармацыю пра суд над чыноўнікам.
Назва публікацыі дзяржаўнага інфармагенцтва: “Экс-намесьніка губэрнатара Віцебскай вобласьці Леаніда Кавалёва судзяць у адкрытым рэжыме”. Тэкст паведамленьня БелТА напісаны гэтак, нібыта падзея ўжо асьвятлялася раней. Аднак ніякіх публікацыяў пра затрыманьне Леаніда Кавалёва і пачатак суду над ім на сайце агенцтва знайсьці не ўдалося.
З паведамленьня БелТА стала вядома, што па справе праходзіць яшчэ адзін абвінавачаны, нехта Коал Грунар. Наконт апошняга невядома нічога, нават тое, грамадзянінам якой краіны ён зьяўляецца.
Пра хаду судовага паседжаньня, што адбылося 22 жніўня, БелТА піша гэтак: “Быў дапытаны сьведка - былы кіраўнік управы культуры Віцебскага аблвыканкаму. Судзьдзя і дзяржабвінаваўца досыць падрабязна апыталі сьведку наконт узгадненьня Кавалёвым каштарысаў на правядзеньне масавых мерапрыемстваў… Удзельнікі працэсу распытвалі былога кіраўніка ўправы культуры пра дэталі супрацоўніцтва мясцовых уладаў зь віцебскай фірмай, якая арганізуе фэервэркі. Паводле слоў экс-начальніка ўправы, гэтая фірма пачала працаваць з аблвыканкамам недзе з 2007 году і была, фактычна, манапалістам у сваёй галіне на тэрыторыі вобласьці”.
“За правы чалавека”