За апошнія тыдні служба маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зафіксавала шмат розных выпадкаў з падобным почыркам.
Пра блякаваньне незалежнага віцебскага сайту dyjalog.info паведаміў 21 сакавіка рэдактар рэсурсу Кастусь Мардзьвінцаў. Паводле ягонай інфармацыі, справа ў дасланым вірусе, і ён перакананы, што гэта зроблена знарок.
“Выпадкова такое здарыцца не магло. Я адсачыў, што вірус дасланы аднекуль зь Нідэрляндаў. Але гэта няпэўна, бо ёсьць мноства сродкаў, каб схаваць сапраўднае месцазнаходжаньне тых, хто хоча нашкодзіць. Сайт перастаў адчыняцца зь мінулага вечару, кампутар паведамляе пра памылку”, – распавёў Кастусь Мардзьвінцаў.
Апошнія матэрыялы, разьмешчаныя на сайце, тычыліся выбарчай кампаніі, а таксама скандальнага факту – масавага атручаньня вязьняў у аршанскай калёніі.
Перастаў адчыняцца і сайт газэты “Витебский курьер”. Але апошнім часам ён абнаўляўся даволі рэдка, таму ніхто ня можа дакладна сказаць, што зь ім здарылася і як даўно сайт не працуе.
У тым жа Віцебску мясцовым незалежным журналістам нядаўна пачалі рассылаць фотаздымкі, нацэленыя на дыскрэдытацыю мясцовага апазыцыйнага кандыдата ў дэпутаты Хрыстафора Жаляпава.
У Магілёве 14 сакавіка на інтэрнэт-сайце “Свабодны фармат” бязь ведама супрацоўнікаў рэдакцыі зьявіліся артыкулы, якія дыскрэдытавалі і зьневажалі грамадзкіх і палітычных актывістаў Магілёўскай вобласьці. А мясцовы журналіст Аляксандар Буракоў паведаміў, што невядомая асоба рассылае вялікай колькасьці людзей правакацыйныя лісты ад яго імя зь “левага” электроннага адрасу a.burakov74@gmail.com.
У Бабруйску, таксама ў сакавіку, дзьве кандыдаткі ў дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» атрымалі па электроннай пошце абразьлівыя і пагрозьлівыя лісты, якія зыходзілі нібыта ад журналісткі «Бобруйского курьера», сябры ГА “БАЖ” Марыны Малчанавай. Журналістка кажа, што гэта не яе паштовая скрыня, хаця яе стваральнік яўна імкнуўся імітаваць гэта. Наўзабаве і сама журналістка атрымала ліст з пагрозай ад нейкага ананіма.
У Менску на пачатку сакавіка ад імя апазыцыйнай партыі левых “Справядлівы сьвет” у недзяржаўныя СМІ паступіла “ліпавая” заява наконт сытуацыі ва Ўкраіне. Кіраўніцтва партыі сьцьвярджае, што ніякага дачыненьня да гэтага тэксту ня мела.
Беларуская асацыяцыя журналістаў