Пяць партыяў і рухаў выступілі сёньня з супольнай заявай наконт выбарчай кампаніі у Палату прадстаўнікоў. Заяву падпісалі прадстаўнікі Партыі БНФ, сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», партыі левых «Справядлівы сьвет», грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду» і аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду».
У заяве гаворыцца:
«23 верасьня сканчваецца выбарчая кампанія 2012 года. На наш погляд, гэта быў надзвычай важны шанец для беларускіх уладаў даказаць, што яны зрабілі высновы з крызісу, які быў выкліканы дзеяньнямі 2010 года, калі эканоміку захвяравалі на карысьць палітычных разьлікаў, а рэшткі дэмакратыі былі растаптаныя праз страх падацца слабымі і страціць кантроль над грамадствам. Аднак шанец ня быў выкарыстаны.
У дзейнае беларускае заканадаўства, якое рэглямэнтуе ход выбараў, не былі ўнесены зьмены, што забясьпечылі б празрыстасьць падліку галасоў. Выканаўчая ўлада фактычна кантралявала электаральны працэс на ўсіх яго этапах, умешвалася ў яго, ужываючы ціск на кандыдатаў-іншадумцаў і іх прыхільнікаў.
Да пачатку выбараў не былі вызваленыя асобы, асуджаныя ў ходзе палітычна матываваных судовых працэсаў і прызнаныя міжнароднай супольнасьцю палітычнымі зьняволенымі. Не былі вернутыя грамадзянскія правы асобам, асуджаным праз такія працэсы на частковае абмежаваньне свабоды.
Падчас фармаваньня выбарчых камісій усіх узроўняў, допуску унутраных назіральнікаў на ўчасткі для галасаваньня, стварэньня ўмоваў для агітацыі кандыдаты, якія прадстаўлялі лаяльныя да ўлады структуры, карысталіся загадзя абумоўленай і відавочнай перавагай. Сілавыя ведамствы і спэцслужбы выкарыстоўваліся як інструмэнт ціску на непажаданых для мясцовай і цэнтральнай улады кандыдатаў, іх давераных асобаў і членаў ініцыятыўных груп. Таму выбары нельга прызнаць роўнымі.
Падчас датэрміновага галасаваньня былі выяўленыя факты масавага ціску на асоб, залежных ад улады праз навучаньне ў дзяржаўных адукацыйных установах альбо працу на прыналежных дзяржаве прадпрыемствах. Выяўленыя выпадкі ўкідваньня бюлетэней для галасаваньня, а таксама іншых формаў незаконнага павелічэньня колькасці асобаў, якія нібыта прагаласавалі. Таму выбары нельга прызнаць празрыстымі.
Падчас агітацыйнай кампаніі ўлада незаконна пазбаўляла сваіх апанентаў права свабоднага звароту да выбаршчыкаў нават у межах, прадугледжаных дзейным заканадаўствам. Выкарыстоўваўся мэханізм цэнзуры, у тым ліку зняцьцё з эфіру ўжо запісаных выступаў зарэгістраваных кандыдатаў. Адвольна скарачаліся тэксты праграм кандыдатаў для публікацыі. Праводзіліся арышты ўдзельнікаў пікетаў, што адбываліся ў вызначаных законам месцах. Таму выбары нельга прызнаць дэмакратычнымі.
Гэта дае нам права зараз, незалежна ад вынікаў галасаваньня, якія будуць абвешчаныя камісіямі, куды не ўключылі прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных структураў, і да абвяшчэння гэтых вынікаў, не прызнаваць выбары ў Палату Прадстаўнікоў 2012 года роўнымі, празрыстымі і дэмакратычнымі.
Мы зьвяртаемся таксама да міжнародных арганізацый, чальцом якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, з заклікам узмацніць палітыку ўздзеяння на ўрад Беларусі з мэтай спыніць палітычныя рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зьняволеных і вярнуць усім асуджаным у ходзе палітычна матываваных судовых працэсаў палітычныя правы і свабоды».
Фота Сяргей Балай, gazetaby.com