Легендарны віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда напярэдадні выбараў зьвярнуўся да электарату і тых, хто падлічвае ягоныя галасы.
"Шаноўныя сябры, на мой погляд, нельга браць удзел у незаконных, так званых, выбарах у незаконную палатку. Чаму незаконных? Таму што няма прававога грунту для правядзеньня законных выбараў. У лістападзе 1996 года адбыўся антыканстытуцыйны пераварот, легітымная Канстытуцыя 1994 года была прыпынена, а 1996 года – не мае легітымнасьці.
Чаму – так званыя выбары? Таму што, пачынаючы з 1996 года, гэта ня выбары а прызначэньні пэўных асоб. І яны, безумоўна, будуць абавязаны тым, хто іх прызначае, а ня нам – выбаршчыкам.
Чаму незаконная палатка? Таму што, згодна зь легітымнай Канстытуцыяй 1994 года, яна не прадугледжана.
Байкот – гэта наш першы крок да яднаньня беларускай нацыі. Байкот, на мой погляд, гэта змаганьне супраць цемры і беззаконьня. Пасьля нашага агульнага байкоту мы будзем зусім іншымі.
Байкот, на мой погляд, гэта змаганьне супраць цемры і беззаконьня.
І я зьвяртаюся да сябраў выбарчай камісіі: адзінае, што ад вас патрэбна, гэта сумленна лічыць яўку выбаршчыкаў.
Ведаеце, зараз надвор’е спрыяе таму, каб у нядзелю не хадзіць на выбарчыя ўчасткі, а схадзіць у лес па грыбы, альбо хто любіць піва – выпейце, калі ласка, піва за нашу будучую Беларусь…
Заўтра, як і заўсёды ў нядзелю, я пайду ва ўніяцкую царкву, памалюся Богу, а пасьля службы мяне запрасіў сябра ў госьці. У яго свой сад, і ён мяне пачастуе яблыкамі. Я паеду да яго. Вось так і пройдзе дзень.
Наогул, я лічу, што ўсё будзе добра. Рана ці позна…"