Ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласьці пракуратурай выяўленыя парушэньні парадку правядзеньня працэдур дзяржаўных закупак, што стварае спрыяльную глебу для карупцыі.
Заказчыкі нярэдка неабгрунтавана дробняць аднастайныя тавары, работы ці паслугі ў гадавых плянах дзяржаўных закупак, што спрыяе памылковаму выбару працэдур закупак, у тым ліку незаконнаму пераходу ад канкурэнтных працэдур да закупкі з адной крыніцы. Такое парушэньне было выяўленае ў аддзелу адукацыі, спорту і турызму Бешанковіцкага райвыканкаму.
Былі выяўленыя шматлікія парушэньні пры выбары віду працэдуры дзяржаўнай закупкі: у аддзелах адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкаму, Наваполацкага гарвыканкаму, УАЗ «Шаркоўшчынская ЦРБ", УАЗ «Пастаўская ЦРБ», УП «ЖКГ Пастаўскага раёну» і шэрагу іншых арганізацыяў.
Таксама некаторыя заказчыкі, напрыклад, УКБ Мёрскага раёну, распрацоўваючы і зацьвярджаючы конкурсную і аўкцыённую дакумэнтацыі, а таксама дакумэнтацыю, якую прадстаўляюць удзельнікам для падрыхтоўкі цэнавых прапаноў, высоўвалі патрабаваньні, якія не прадугледжаныя дзейным заканадаўствам.
Акрамя таго, пашыраныя факты парушэньняў парадку разьмяшчэньня на афіцыйным інтэрнет-сайце запрашэньняў і іншай дакумэнтацыі па канкрэтных канкурэнтных працэдурах закупак.
Значныя парушэньні дапускаюцца падчас разгляду прапановаў, якія паступілі, і выбару пераможцы, а гэта цягне дадатковае выдаткаваньне бюджэтных сродкаў, гэткае парушэньне было дапушчанае УП ЖКГ «Дуброўна-Камунальнік».
У мэтах ліквідацыі выяўленых парушэньняў пракурорамі гарадоў і раёнаў было ўнесена 19 прадстаўленьняў, вынесена 13 прадпісаньняў, абвешчана 20 афіцыйных папярэджаньняў. Пракуратура Віцебскай вобласьці накіравала ў Віцебскі аблвыканкам прадстаўленьне аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства аб дзяржаўных закупках, у якім запатрабавана вырашыць пытаньне аб дысцыплінарнай адказнасьці службовых асоб, вінаватых у дапушчаных парушэньнях.
Па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду 37 асоб былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці, а 4 – да адміністрацыйнай паводле ч. 4 арт. 11.16 КаАП (парушэньне парадку выкарыстаньня сродкаў бюджэту, дзяржаўных пазабюджэтных фондаў або арганізацыі дзяржаўных закупак тавараў [работ, паслуг]).
Прадстаўленьне пракуратуры Віцебскай вобласьці разгледзелі на паседжаньні камісіі па супрацьдзеяньні карупцыі Віцебскага аблвыканкаму. Па выніках яго разгляду да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі яшчэ 5 службовых асобаў. Акрамя таго, прынятыя арганізацыйна-практычныя меры, накіраваныя на ліквідацыю выяўленых парушэньняў і недапушчэньне іх у далейшым, паведамляе сайт Генэральнай пракуратуры.
news.vitebsk.cc