Жытло належала ААТ «Гарадоцкі райаграпрамснаб» і было пабудаванае для працаўнікоў гэтай арганізацыі за кошт ільготных крэдытаў банку.
Доля дзяржавы ў статутным фондзе гэтай арганізацыі звыш 99 адсоткаў. У такіх выпадках для продажу неабходнае рашэньне агульнага сходу акцыянэраў. Апроч таго, кошт павінен быць зацьверджаны наглядальнай радай.
Гэтых «фармальнасьцяў» у Гарадку вырашылі пазьбегнуць. Цану вызначылі не ў адпаведнасьці з рынкавай, а зыходзячы з выдаткаў на будаўніцтва. У выніку грамадзтва страціла 1,3 мільярду рублёў. А вось з дакумэнтамі поўны парадак. І рашэньне неіснуючага сходу ёсьць, і цана нібыта разьлічвалася ў адпаведнасьці з законам.
Начальнік аддзелу кантролю дзяржаўнай уласнасьці КДК Віцебскай вобласьці Вадзім Валовіч раскрывае падрабязнасьці: «У дамох, якія прадаваліся ў абыход закону, жылі як шараговыя супрацоўнікі, так і былыя дырэктар, галоўны інжынэр, галоўны бухгальтар, іншыя службовыя асобы. Продажу жытла з парушэньнем патрабаваньняў заканадаўства і па заніжаным кошце спрыяў і працаўнік райвыканкаму, які падпісаў некалькі сфальшаваных пратаколаў агульнага сходу акцыянэраў. На праўдзівасьць разьліку коштаў ён таксама увагі не зьвяртаў».
Цікава, што нават пры такіх умовах новыя ўласьнікі прымудрыліся стаць даўжнікамі – яны не пералічвалі плацяжы за набытыя ў растэрміноўку дамы. Ды гэтага ніхто і не патрабаваў, нягледзячы на складанае фінансавае становішча самой арганізацыі. Летась Гарадоцкі райаграпрамснаб атрымаў чыстую страту амаль у 12 мільярдаў рублёў, за першае паўгодзьдзе гэтага – 2,5 мільярду. Зварот грошай за жытло мог бы паменшыць гэты нялёгкі груз. Тым больш што вядзецца не пра звычайных рабацягаў. У ліку галоўных даўжнікоў – былыя кіраўнікі і галоўныя спэцыялісты райаграпрамснабу.
У КДК адзначылі, што ўсе вінаватыя асобы ў гэтай гісторыі будуць пакараныя, цяперашні дырэктар, як і сама арганізацыя, аштрафаваныя. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў праваахоўныя органы – там вызначаць ступень віны ўсіх удзельнікаў несумленнай ў дачыненьні да дзяржавы і грамадзтва ўгоды. Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці ўжо распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да былых дырэктара і галоўнага бухгальтара – за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.
Алена Бегунова, Рэспубліка
Фота: Віталь Гіль