Эканамічны суд Віцебскай вобласьці прызнаў ААТ «Купцовъ» з Глыбокага банкрутам. Кансэрвавы завод ліквідуюць, паведаміла судзьдзя Вольга Тур.
Пасьля ўступленьня судовага вэрдыкту ў сілу антыкрызысны кіраўнік прыступіць да пагашэньня патрабаваньняў крэдытораў у аб'ёме больш за 58 мільярдаў рублёў. Даўгі маюць намер пагасіць за кошт продажу маёмасьці прадпрыемства.
Магчыма, сума даўгоў не канчатковая: на момант адкрыцьця лiквiдацыйнага вядзеньня патрабаваньні заявілі 113 з 237 крэдытораў, растлумачыў антыкрызысны кіраўнік Віктар Пілецкі. Балянсавы кошт актываў банкрута ацэньваецца ў 73 мільярды рублёў, але гэта ў асноўным нізкаліквідная маёмасьць. Ліквідацыю плянуюць завяршыць праз год.
Вытворчасьць аб банкруцтве кансэрвавага заводу распачатая пры канцы студзеня 2015 году з ініцыятывы даўжніка. З таго часу вытворчасьць спыненая. Пасьля заканчэньня абароннага пэрыяду ў сакавіку адкрылі конкурсную вытворчасьць. У выніку завод прызнаны банкрутам.
Адна з праблем ліквідацыйнай працэдуры – яблыневы сад на 39 гектарах і гарохавае поле, на якіх няма каму і за што ўбіраць ураджай. Паводле слоў Віктара Пілецкага, цяпер шукаюць магчымасьць прыцягнуць для гэтага работнікаў іншых прадпрыемстваў, у тым ліку зь іншых раёнаў. Па аналягічнай схеме сабралі парэчку на плошчы 16,8 гектару.
Глыбоцкі кансэрвавы завод заснаваны ў 1946 годзе. У сьнежні 2002-га на яго базе створанае аднайменнае ААТ, у студзені 2011-га яго перайменавалі ў ААТ «Купцовъ». Прадпрыемства выпускала зялёны гарошак, канцэнтраваныя сокі, агароднінныя і фруктовыя кансэрвы. Паводле дадзеных на 30 ліпеня, у штаце арганізацыі 56 чалавек, зь іх 17 спэцыялістаў – у адпачынку па доглядзе дзіцяці.
tut.by