7 раёнаў Віцебскай вобласьці вакол ачага (філіял ААТ “Лучоса” ў аграгарадку Копці побач зь Віцебскам) прызнаныя неспрыяльнымі зонамі па афрыканскай чуме сьвіней. У сувязі з гэтым усіх не забітых насельніцтвам сьвіней тут будуць адбіраць. Астатнія раёны па ўсёй вобласьці абвешчаныя буфэрнымі зонамі па АЧС, выразаць усіх сьвіней у падсобных гаспадарках якіх насельніцтву пакуль толькі рэкамэндуюць.
Як распавялі ў Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Віцебскага аблвыканкаму, у асабістых падсобных гаспадарках па ўсёй вобласьці сьвіней не павінна быць. Рашэньне аблвыканкаму аб зьнішчэньні ўсіх сьвіней ва ўсіх прыватнікаў было прынятае ў межах барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней.
Неспрыяльнымі прызнаныя 7 раёнаў вакол ачага АЧС ў Віцебскім раёне - у 100 кіламэтрах ад яго. Гэта Гарадоцкі, Шумілінскі, Бешанковіцкі, Сеньненскі, Лёзьненскі, Дубровенскі, Аршанскі раёны вобласьці. У гэтых праблемных раёнах у тых, хто не заб’е сваіх сьвіней, жывёлы будуць адбірацца. “Але тут вялікая праца зробленая, і так сьвіней засталося няшмат”, - сказаў чыноўнік Віцебскага аблвыканкаму.
У буфэрнай зоне (астатніх раёнах Віцебскай вобласьці - Браслаўскім, Верхнядзьвінскім, Глыбоцкім, Докшыцкім, Лепельскім, Мёрскім, Полацкім, Пастаўскім, Расонскім, Талачынскім, Ушацкім, Чашніцкім і Шаркоўшчынскім) можна забіць сьвіней для ўласных патрэб.
Асноўная праблема, кажуць спэцыялісты, у сувязі з АЧС - зь дзікамі, якія перасоўваюцца бескантрольна. Яны - асноўныя разносчыкі заразнага захворваньня. “Па магчымасьці ў рамках барацьбы будзе зьнішчана 100% дзікоў”, - сказалі ў Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Віцебскага аблвыканкаму.
Інфармацыя пра неабходнасьці выразаць усіх сьвіней прыйшла ў рэдакцыю з Ушацкага, Чашніцкага, Сеньненскага раёнаў Віцебскай вобласьці.
TUT.by