Завод «Палімір», які ўваходзіць у склад ААТ «Нафтан», спыніў выпуск сынтэтычнага валакна Нітрон-З, аднаго з асноўных відаў сыравіны, якія выкарыстоўваюцца ў беларускай лёгкай прамысловасьці. Прадпрыемства пазбавілася каля 600 працоўных месцаў.
Пра гэта распавялі работнікі заводу «Палімір».
Яны паведамілі, што вытворчасьць спыніла выпуск прадукцыі з 16 сакавіка.
– Нас загадзя папярэдзілі пра скарачэньне. Прафсаюзы нічога не зрабілі дзеля захаваньня працоўных месцаў. Праўда, і работнікі не абураліся. Наймальнік, вядома, прапаноўваў месца на заводзе, і вялікую частку работнікаў перавялі на іншыя працоўныя месцы, але засталіся прыкладна 200 чалавек непрацаўладкаваных. Шмат хто пагадзіліся на скарачэньне, ім выплацілі па пяць сярэдніх заробкаў. Гэта, у асноўным, пэнсіянэры. Але ёсьць сярод звольненых і моладзь. Перад закрыцьцём нашу далучылі да іншай вытворчасьці, таксама валакна, але іншага, зрабілі агульную вытворчасьць сынтэтычнага валакна і аб'явілі, што неабходна скараціць магутнасьці.
Работнікі расказалі, што такая самая доля чакае яшчэ каля шасьці прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці гораду.
Старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) работнікаў ААТ «Нафтан» Іван Сьвятоха пацьвердзіў інфармацыю, якая паступіла ад рабочых, адзначыўшы пры гэтым, што працэс праходзіць строга ў адпаведнасьці з законам і калектыўнай дамовай.
– Створаная камісія па працаўладкаваньні. Разглядаецца справа кожнага работніка пэрсанальна, у першую чаргу, ільготнікі, згодна з заканадаўствам. Камісія засядае два разы на тыдзень, і будзе засядаць да таго часу, пакуль усе працаўнікі ня будуць працаўладкаваныя. Пакуль усё ідзе так. Калі нашых сяброў скарачаюць, я таксама прысутнічаю, – распавёў прафсаюзны лідэр.
Ён растлумачыў, што рашэньне наймальніка зьвязанае са стратнасьцю вытворчасьці.
– На былой савецкай прасторы такіх вытворчасьцяў ужо наогул няма. Наша заставалася апошняй. Вядома, калі скарачаюць вытворчасьць, у гэтым няма нічога добрага, але наймальнік пайшоў на ўсё, каб зрабіць гэты працэс як мага менш балючым. Кіраўніцтва пагадзілася выплаціць па пяць сярэднямесячных заробкаў у якасьці выходнай дапамогі, таму пэнсіянэры нават у выйгрышы засталіся, – пракамэнтаваў Іван Сьвятоха.
praca-by.info