11 траўня больш за дзьвесьце чалавек сабралася каля рытуальнай залі абласнога клінічнага шпіталя ў Віцебску, каб разьвітацца зь любімым паэтам. На жалобнай урачыстасьці прысутнічалі супрацоўнікі практычна ўсіх устаноў культуры гораду, прадстаўнікі грамадзкіх і творчых арганізацыяў, прыйшлі былыя калегі Давіда Рыгоравіча па тэлебачаньні і проста жыхары Віцебску.

Ад улады прысутнічалі начальнік аддзелу культуры галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Пётар Падгурскі, а таксама начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі гарвыканкаму Натальля Шыянок. Акрамя таго выступіў былы кіраўнік аддзелу культуры гарвыканкаму, а цяпер дырэктар культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кольца гораду Віцебску “Дзьвіна”, Віктар Кібісаў, зь якім Давід Сімановіч шмат супрацоўнічаў.

У сваіх прамовах сябры і калегі ўспаміналі, што Давід Сімановіч для Віцебску быў крыніцай энэргіі, генэратарам ідэяў і рухавіком шмат якіх культурных працэсаў у горадзе. Сьляды паэта засталіся ці не на ўсіх вуліцах, а ўсім сваім жыцьцём ён наклаў адбітак на разьвіцьцё гораду за апошнюю палову стагодзьдзя.

Калі ёсьць недзе ў вышынях адбітак Віцебску, то, безумоўна, Давід Сімановіч ужо крочыць па яго вуліцах з Маркам Шагалам.
І ты падняўся над Дзьвіной,
Адзеў зялёнае убраньне.
Каб гаманілі над табой,
Як песьні звонкія, сьвітаньні.





Народныя навіны Віцебска
Фота: Сяржук Серабро