Будынак былой каталіцкай капліцы (№25/4 па вуліцы Урыцкага ў Віцебску), пабудаванай у 1859 годзе, зьнясуць, бо ВДУ не мае 2 мільярды рублёў на яго рамонт.
Такі адказ на свой зварот у Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт атрымала Тацьцяна Севярынец. “Будынак, які знаходзіцца на вул. Урыцкага, 25, у Батанічным садзе, ня ўключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. <…> Па інфармацыі ўласьніка, адбылося абсьледаваньне і ацэнка тэхнічнага стану надземных нясучых канструкцыяў двухпавярховага будынку. З тэхнічнай справаздачы вынікае, што гэты будынак аднесены да катэгорыі аварыйна-небясьпечных, неабходна правесьці замену яго надземных нясучых канструкцыяў. Для ажыцьцяўленьня рамонтна-мантажных работ на гэтым аб’екце патрабуецца каля 2 млрд рублёў. На падставе гэтага і ў сувязі з адсутнасьцю фінансавых сродкаў на рэканструкцыю раней уласьнікам было прынятае рашэньне аб зносе будынку”, - прыводзіцца вытрымка з адказу гарвыканкаму на сайце bchd.info.
Пры гэтым толькі распрацоўка праектна-каштарыснай дакумэнтацыі абыдзецца ўнівэрсытэту ў 22 мільёны рублёў, не кажучы ўжо пра самі работы па зносе будынку. Праўда, тэндэр на стварэньне гэтай дакумэнтацыі, які быў абвешчаны 29 верасьня, знаходзіцца ў незразумелай стадыі - на сайце www.icetrade.by так і не абвешчаныя яго вынікі.
Між тым удалося даведацца пэўныя падрабязнасьці пра капліцу. Згодна з апісаньнем у №33 “Tygodnika Powszechnego” за 1884 год (ст. 524), капліца была пабудаваная коштам паноў Дуніных-Сьлепсьцяў з дазволу ўлады і асьвечаная ў 1860 годзе дэканам Гайжэўскім (Юльян Восіпавіч Гайжэўскі / Julian Gojżewski) ў гонар Найсьвяцейшай Маці Божай Балеснай, успамін якой адзначаецца 15 верасьня. У той жа крыніцы адзначаецца, што пад час гасьцяваньня ў доме Дуніных-Сьлепсьцяў імшу ў гэтай капліцы адслужыў арцыбіскуп Магілёўскі мітрапаліт Вацлаў Жылінскі.
Досыць цікавым выглядае тое, што Сьцяпану Дуніну-Сьлепсьцю ў той час удалося адчыніць у Віцебску новы каталіцкі храм. Як вядома, пасьля задушэньня паўстаньня 1830-1831 гадоў на тэрыторыі Беларусі ў 1833 годзе было скасаванае дзеяньне Статуту ВКЛ, а касьцёлы пачалі зачыняцца ці перадавацца іншым канфэсіям.
Так, у дзёньніку бешанковіцкага памешчыка і полацкага маршалка Ірэнія Васілеўскага, які Ўладзіслаў Цеханавецкі падае ў выдадзенай у 1912 годзе кнізе “Z okolic Dźwiny” (ст. 214), у 1848 годзе ў Віцебску быў ледзь не зачынены адзіны дзейны парафіяльны касьцёл - з Санкт-Пецярбургу паступіў загад апячатаць касьцёл сьвятога Антонія. Там жа згадваецца, што з шасьці касьцёлаў, што існавалі ў 1833 годзе у Віцебску, дамініканскі (сьвятога арханёла Міхаіла) стаў руінай, як і сьвятой Барбары, фарны касьцёл (марыявітак) быў апячатаны і ператвораны на магазін (з 1858 году ў яго будынку разьмясьцілі Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг), езуіцкі (сьвятога Язэпа) стаў праваслаўным саборам сьвятога Мікалая, піярскі стаў пратэстанцкім зборам, а трынітарскі – закрыты (у 1858 годзе будынак аддалі праваслаўнай царкве і к 1865 году ён быў перабудаваны ў Пакроўскую царкву). Толькі ўмяшаньне віцебскага генэрал-губэрнатара князя Галіцына перашкодзіла зачыніць і касьцёл сьвятога Антонія.
У сваім лісьце ў рэдакцыю газэты “Słowo” Арцём Вярыга-Дарэўскі піша, што на 1858 год у Віцебску існуюць тры каталіцкія касьцёлы: сьвятога Антонія (пробашч Юльян Васількоўскі), Дамініканскі касьцёл на Замкавай вуліцы, касьцёл сьвятой Барбары (пробашч Юльян Гайжэўскі). Стан будынкаў не згадваецца.
Што тычыцца Дуніных-Сьлепсьцяў, то яны яшчэ неаднаразова згадваюцца ў памятных кніжках Віцебскай губэрні. Адзначым, што прозьвішча ў гэтых крыніцах падаецца ў двух напісаньнях: Дунін-Сьлепсьць (Дунинъ-Слѣпць), напрыклад, у 1866, 1881 і 1882 гадах і Дунін-Сьляпец (Дунинъ-Слѣпецъ), напрыклад, у 1865, 1867 і 1868 гадах. Пры гэтым яно часам губляе прыдомак “Дунін”, і, адпаведна, у альфабэтных паказальніках знаходзіцца пад літарай “С”. У той жа час у польскіх і нямецкіх крыніцах прасочваецца толькі напісаньне Dunin-Slepść.
Згодна з “Памятной книжкой Витебской губернии” 1865 году (ст. 13) калескі асэсар Сьцяпан Восіпавіч Дунін-Сьлепсьць 23 сьнежня 1864 году (4 студзеня 1865 году згодна з новым стылем) стаў дэпутатам дваранства ад Полацкага павету. На гэтай жа пасадзе ён знаходзіўся згодна з кнігамі 1866 (ст. 15) і 1867 (ст. 18) гадоў. Здаецца, што да 28 чэрвеня (10 ліпеня) 1868 году, калі яго зьмяніў прапаршчык Язэп Гасьперавіч Гутоўскі.
Тамсама падаюцца больш поўныя зьвесткі пра яго ўзнагароды: акрамя ордэну сьв. Уладзімера IV ступені і знаку адрозьненьня за 15 гадоў бездакорнай службы, згаданых у першым артыкуле, меў ордэн сьв. Ганны III ступені і мэдаль за 1853-1856 гады, выпушчаны ў гонар сканчэньня Крымскай вайны, якім шырока ўзнагароджваліся і цывільныя людзі, што ня бралі ўдзелу ў ваенных дзеяньнях.
У 1867 годзе Сьцяпану Дуніну-Сьлепсьцю было 60 гадоў (значыць, імаверней за ўсё, нарадзіўся ў 1808 годзе), зь якіх 37 ён аддаў службе. Таксама адзначаецца, што ён жанаты, а выхаваньне атрымаў у Полацкай акадэміі езуітаў. У выданьні 1905 году “Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkoł od niej zależnych” (ст. 141) знаходзім, што згодна з “Miesiacznikem Połockim” 1818 году (т. 1 ст. 76) у 1817 годзе ўзнагароды заслужыў вучань 4 клясы Сьцяпан Сьлепсьць.
Апошні раз, які ўдалося знайсьці, у памятных кніжках Сьцяпан Восіпавіч Дунін-Сьлепсць згадваецца ў 1878 годзе. Ён пазначаны (ст. 264), як памешчык Віцебскага павету, які меў маёнтак Зарэчня і фальварак Замошша з 1472 дзесяцінамі (каля 1605 гектараў) зямлі. Прыватным землеўладальнікам у Віцебскім павеце тады належала 143 372 дзесяціны, а землеўладальнікаў, якія б мелі больш за 1000 дзесяцін, было ўсяго 9.
У “Памятной книжке Витебской губернии” 1881 году (ст. 149) мы ўжо знаходзім, імаверней за ўсё, сына заснавальніка капліцы Сьцяпана Сьцяпанавіча Дуніна-Сьлепсьця, які пазначаны памешчыкам і глосным Віцебскай гарадзкой думы па 2-м разрадзе. У 1882 годзе ён згадваецца на гэтай самай пасадзе (ст. 210), а таксама як сябра рады Віцебскага таварыства сельскіх гаспадароў (ст. 232).
У выданьні «Kritische Miscellen» 1864 года можна знайсьці, што ў Vitzthumsches Gymnasium у Дрэздэне з 1863 па 1864 год у 5 клясе вучыўся Сьцяпан Дунін-Сьлепсьць (ст. 79), які нарадзіўся 14 мая (26) 1850 году ў Віцебску. Тамсама (ст. 83) згадваецца, што ён пакінуў гімназію, бо з маці вярнуўся на радзіму. Цікава, што Віцебск (Witepsk) залічваюць да Літвы (Lithauen).
З “Jahrbuch für das Berg- und Hüttenwesen im Königreiche Sachsen auf das Jahr” за 1873 (ст. 188) і 1874 (ст. 206) гады вядома, што з 1872 па 1875 гады Сьцяпан Сьцяпанавіч Дунін-Сьлепсьць (Stephan Stephanowitzsch von Dunin-Slepsc, aus Witebsk in Russland) вучыўся ў Горнай акадэміі Фрайбэрга (тамсама, напрыклад, вучыўся Міхайла Ламаносаў).
Як бачым будынак капліцы Дуніных-Сьлепсьцяў (Дуніных-Сьляпцоў) у Віцебску цікавы ня толькі, як узор архітэктуры сярэдзіны XIX стагодзьдзя, але і як зьвязаны з жыцьцём грамадзкіх дзеячаў гораду.
Дарэчы, на здымках Канстанціна Дурыхіна, зробленых у прамежку ад 1956 году (калі быў пабудаваны мост імя Баўмана) да 1959 году (калі Дурыхін зьехаў зь Віцебску) можна ўбачыць яшчэ аднапавярховы будынак былой капліцы амаль у аўтэнтычным выглядзе, толькі бязь вежачак.
Паводле news.vitebsk.cc