У Віцебску на вуліцы Чэхава можа зьявіцца... Сафійскі сабор. Паводле задумкі, ён будзе выглядаць як сабор у Полацку, пабудаваны ў XI стагодзьдзі. З 24 жніўня па 18 верасьня ў горадзе будзе праходзіць грамадзкае абмеркаваньне гэтага праекту.
Але такі праект парушае закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Пра гэта распавёў Антон Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Антон Астаповіч: “У гістарычным цэнтры можна толькі аднаўляць страчаную гістарычную плянавальную структуру, аднаўляць значныя будынкі. Аднаўленьне мусіць адбывацца на месцы існаваньня каштоўнасьці. А гэта не падпадае пад абнаўленьне. Таксама незаконнае і грамадзкае абмеркаваньне, бо арганізатарам павінен быць мясцовы орган улады, а не парафія. Таксама не апублікаваны склад камісіі”.
Старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьбіраецца зьвяртацца ў пракуратуру і Віцебскі гарвыканкам з нагоды парушэньняў заканадаўства.
Прэзэнтацыя праекту Сафійскага сабору ў Віцебску мусіць прайсьці 28 жніўня а 10-й у Сьвята-Усьпенскім катэдральным саборы.
euroradio.fm