Малады музыка зь Віцебску Аляксандар Галузій выпусьціў нядаўна шыкоўны альбом элетроннай экспэрыментальнай музыкі “Shelter”, пра які напісалі ці ня ўсе музычныя выданьні Беларусі. Заўважылі музыканта і за межамі краіны.
Аляксандар кіруе праектам That Sky. І гэта ўжо ня першы ягоны рэліз.
“Упэўненыя рытмы, шызафрэнічныя абрыўкі галасоў, мінорнае піяна”, – так характэрызуе музыку з “Shelter” інтэрнэт-пляцоўка 34mag.net. На думку музычных крытыкаў, трэкі з альбому вылечваюць скаліёз, шызафрэнію ды гамафобію.
“Гэта не сучасны фаст-фуд – тут трэба ўслухоўвацца! Я спадзяюся, што людзі будуць “чытаць” маю музыку, а ня бегла праглядаць, як глянцавы часопіс”, – так бы прэзентаваў свой музычны прадукт сам аўтар, калі б яму выдалася апынуцца на імпрэзе MTV Music Awards.
“Запіс альбома «Shelter» ажыцьцяўляўся ў Менску, зьвядзеньне і майстарынг – у Маскве. Аляксандар паспрабаваў злучыць раяль, пэркусію й «жывую» бас-гітару з электроннымі і вакальнымі складнікамі, каб сама музыка ў момант захапляла й аблытвала слухача з ног да галавы. Таму гук «Shelter» разнаплянавы і не падпадае пад азначэньне канкрэтнае стылістыкі”, – пиша пра альбом аўтарытэтны «Тузін Гітоў».
У інтэрв’ю выданьню музыкант зазначыў, што на ягоную музыку моцна паўплываў родны горад: “Я пражыў у Віцебску ўсю сваю сьвядомую маладосьць. Хоць і шмат падарожнічаю, мяне ўвесь час цягне ў гэты горад. Безумоўна, усе людзі, якія мяне атачаюць, месцы і вуліцы гораду паўплывалі на маю творчасьць. У Віцебску шмат утульных кавярняў і бараў, дзе можна прыемна пабавіць час зь сябрамі. Усе мае знаёмыя падтрымліваюць мяне, хлопцы са студыі дапамагаюць і раяць. Гэтым летам мяне запрасілі выступіць у Кіеў, Ялту і Севастопаль, увосень паспрабую паказаць сваю праграму ў Гамбургу”.
Аляксандар кажа, што хоча стварыць новую сцэну ды адысьці ад звыклага разуменьня музыкі ў цэлым: “Мая музыка гэта суцэльная імправізацыя, адсутнасьць якіх-небудзь межаў і прынцыпаў!”
Паслухаць альбо спампаваць можна тут.