Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
29019269

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Гарадоцкі суд не задаволіў скаргі апазыцыянераў

Гарадоцкі раённы суд 13 жніўня не задаволіў скаргі прадстаўнікоў Партыі БНФ і БСДП (Грамада) на рашэньне райвыканкаму аб фармаваньні ўчастковых выбарчых камісій.

Заяўнікі скардзіліся на тое, што райвыканкам незаконна адмовіў сябрам партыі на ўключэньне ў выбарчыя камісіі.

 

У скаргах яны даводзілі, што зацьвярджэньне складу камісій, у якія не ўключылі Леаніда Гаравога (БСДП (Грамада) і  Вольгу Аўтухову (Партыя БНФ), адбылося з парушэньнем нормаў выбарчага заканадаўства.

Як паведамляе haradok.info, у Савецкую участковую камісію №34 не ўключылі сябру Партыі БНФ Вольгу Аўтухову. У гэтай камісіі наогул няма ніводнага прадстаўніка партый. Таму Леанід Аўтухоў, які прадстаўляў у судзе Віцебскую абласную Раду Партыі БНФ, казаў пра ўшчамленьне правоў палітычных партый і пра парушэньні канстытуцыйных нормаў дэмакратыі.

Судзьдзя Аляксандар Ляшковіч не ўзяў да ўвагі довады Аўтохову і адхіліў скаргу.

Таксама ў Гагарынскую ўчастковую камісію не ўключылі прадстаўніка БСДП(Грамада) Леаніда Гаравога. У судзе гарадоцкі актывіст заявіў адвод судзьдзі на той падставе, што жонка судзьдзі Ляшкевіча працуе ў райвыканкаме, а яе непасрэдная начальніца мела прамое дачыненьне да фармаваньня ўчастковых камісій. Судзьдзя не задаволіў хадайніцтва аб адводзе. Як не задаволіў хадайніцтва і аб удзеле ў працэсе перакладчыка з беларускай мовы, якой карыстаўся падчас працэсу заяўнік.

Гаравы зьвярнуў увагу суду на нормы артыкула 5 Канстытуцыі РБ і артыкула 34 Выбарчага кодэксу, якія надаюць прыярытэт палітычным партыям у выбарах.

Прадстаўнік партыі БСДП(Грамада) спыніўся таксама на парушэньнях выбарчага заканадаўства пры вылучэньні шляхам збору подпісаў трох прадстаўнікоў у склад Гагарынскай камісіі. Напрыклад, на адсутнасьць запісу аб населеным пункце, назвы вуліцы, на якое пражывае выбаршчык, а таксама нумару кватэры. Згодна з выбарчым заканадаўствам, такія заявы  зьяўляюцца несапраўднымі. Акрамя таго, у заяве грамадзянкі Леванчук ня быў указаны хатні адрас, у заяве ірыны Раманюгі выбаршчыкі не ставілі сваёй рукой дату подпісу.

Прадстаўніца адказчыка – юрыст райвыканкаму – ня здолела патлумачыць, як у Гагарынскую ўчастковую камісію ўключылі двух членаў па несапраўдных заявах. Не прагучаў уцямны адказ і на пытаньне, чаму праца рабочай групы не адбывалася галосна і адкрыта, як таго патрабуе норма Выбарчага кодэксу.

Тым ня меньш, у выніку спрэчак і прадстаўленьня доказаў, судзьдзя Ляшковіч прыняў рашэнне скаргу Віцебскага абласнога камітэту БСДП(Грамада) на рашэньне Гарадоцкага райвыканкаму па фармаваньні ўчастковых камісій пакінуць без задавальненьня.

Заяўнікі лічаць, што гэтая адмова нічым не аргументавана і маюць намер абскардзіць неправамоцнае, на іх погляд,  рашэньне суду.

На фота Леанід Гаравы. Фота svaboda.org