Міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла паведамленьне з заклікам дамагацца вызваленьня віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага ў Віцебскі абласны псыхіятрычны шпіталь на прымусовае лячэньне пасьля шэрагу крытычных выступаў у інтэрнэце і СМІ. У паведамленьні Amnesty International гаворыцца, што Ігар Пастноў — псыхіятар зь Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі — цягам апошніх паўтара гадоў неаднаразова крытыкаваў на YouTube палітыку ўраду й гарадзкую сыстэму аховы здароўя.
У сваіх выступах ён закранаў такія вострыя тэмы, як мэдычныя памылкі і нямэтавае выдаткаваньне грашовых сродкаў. У чэрвені 2013 году Ігар Пастноў раскрытыкаваў дзеяньні міліцыі па прымусовай шпіталізацыі бяздомных у мэтах псыхіятрычнага агляду. Праз крытычныя выказваньні Ігара Пастнова паміж ім і кіраўніцтвам паўстаў сур’ёзны канфлікт. 16 жніўня псыхіятрычная камісія клінічнага цэнтру, у якім працаваў Пастноў, прыйшла да высновы, што яму патрабуецца прымусовае псыхіятрычнае лячэньне з-за «псыхапатыі з маніяй перасьледу ўладамі».
21 жніўня Віцебскі раённы суд на закрытым паседжаньні пастанавіў падвергнуць Ігара Пастнова прымусоваму лячэньню ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі. У пастанове суду адзначаецца, што Пастнову патрабуецца прымусовае псыхіятрычнае лячэньне ў сувязі з «хранічным непрытомным разладзьдзем», якое ўяўляе небясьпеку для яго самога і навакольных.
Выказваючы занепакоенасьць тым, што Ігара Пастнова маглі затрымаць у адвольным парадку за законную крытыку сыстэмы аховы здароўя Віцебскай вобласьці, міжнародныя праваабаронцы заклікаюць накіроўваць звароты ў органы ўлады Беларусі, каб нагадаць, што прымусовае псыхіятрычнае лячэньне можа прымяняцца толькі ў дачыненьні да асобаў з сур’ёзнымі псыхіятрычнымі захворваньнямі, якія могуць нанесьці непасрэдную і непазьбежную шкоду сабе і іншым.
Праз масавыя пісьмовыя звароты з подпісамі неабыякавых грамадзянаў Amnesty International запатрабуе прызначыць паўторны псыхіятрычны агляд Ігара Пастнова, каб устанавіць, якую небясьпеку той ўяўляе для сябе і навакольных. А таксама прыняць усе неабходныя меры для таго, каб Ігару Пастнову забясьпечылі дастатковую юрыдычную дапамогу. Каб далучыцца да акцыі і атрымаць тэкст афіцыйнага звароту ў органы ўлады Беларусі, неабходна запоўніць адпаведную форму на сайце Amnesty International.
У падтрымку Ігара Паснова ў інтэрнэце зьбіраюць подпісы пад трыма пэтыцыямі, якія складзеныя рознымі асобамі і групамі грамадзян. Віцебскія праваабаронцы хочуць сабраць 50 тысяч подпісаў пад зваротам «Свабоду доктару-праўдалюбу Ігару Пастнову, гвалтоўна зьмешчанаму ў вар’ятню ў Беларусі». Зварот адрасаваны міністру аховы здароўя Васілю Жарко.
Праваабаронцы патрабуюць правесьці паўторную псыхіятрычную экспэртызу доктара Ігара Пастнова, бо «камісія псыхіятраў зь Віцебску ў вызначэньні стану і ацэнкі рызыкі, якую ён нібыта ўяўляе для сябе і навакольных, не маглі быць аб’ектыўнымі. Бо на сваёй працы яны падпарадкоўваюцца галоўурачу Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алене Мартынавай. Менавіта яна ініцыявала змяшчэньне апальнага лекара ў вар’ятню», напісана ў звароце.
Аўтары яшчэ адной пэтыцыі, адрасаванай міністру аховы здароўя Васілю Жарко, патрабуюць вызваліць Ігара Пастнова з псыхіятрычнай клінікі. Гэтага ж патрабуе і Сяргей Рыжоў, стваральнік незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Белая Русь». Ён склаў першую інтэрнэт-пэтыцыю ў падтрымку Пастнова 26 жніўня.
Радыё Свабода