Беларускі кіраўнік спрабуе зрабіць з настаўнікаў паслухмяных зомбі і манкуртаў. Такое меркаваньне выказала каардынатар па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД), пэдагог Тацьцяна Севярынец, камэнтуючы патрабаваньне Лукашэнкі павысіць дысцыпліну ў пэдкалектывах.
«Дысцыпліна, стабільнасьць і гэтак далей - гэта любімы канёк беларускага кіраўніка. Настаўнікі і без таго баяцца зрабіць крок направа і налева. І пра дысцыпліну размова ідзе наўмысна, таму што зараз павышаецца нагрузка з 18 да 20 гадзін у тыдзень. Заробак у сувязі з гэтым таксама быццам бы павышаецца, але неістотна. З настаўнікаў спрабуюць зрабіць паслухмяных зомбі і манкуртаў, каб ня рыпаліся. Лукашэнка баіцца масавага звальненьня настаўнікаў і наогул любога пратэсту, таму і закручвае гайкі», - лічыць настаўніца.
Яна перакананая, што ва ўмовах беларускага таталітарызму палітыка бізуна і перніка абмяжоўваецца толькі бізуном. «Вядома, у выпадку масавага сыходу настаўнікаў са школ знойдуцца штрэйкбрэйхеры. Можа, нехта і парадуецца, што за кошт звальненьня калегаў у яго павысіцца колькасьць гадзін і заробак. Але сам факт масавага сыходу настаўнікаў са школ будзе катастрофай. У Беларусі і без таго амаль няма жадаючых працаваць у школах, а сапраўдных прафэсіяналаў засталося вельмі мала. Я мяркую па тым, хто сышоў са школ пасьля мяне, а гэта вельмі адукаваныя і добрыя людзі. На зьмену ім прыйшла моладзь. Можа, гэта таксама добрыя і адукаваныя людзі, але ў іх не такое стаўленьне да працы настаўнікам, як гэта было раней. Я ня ведаю, як яны рыхтуюць дзяцей, але мяркуючы па выніках ЦТ, можна сказаць, што прафэсіяналаў засталося вельмі мала. Цяпер настаўнікі займаюцца больш папяровай працай, а не адукацыяй. Тое ж самае ў лекараў - тры хвіліны на хворага і пятнаццаць на паперы», - падкрэсьліла Тацьцяна Севярынец.
Нагадаем, надоечы падчас працоўнай сустрэчы зь міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам і першым намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Аляксандрам Радзьковым Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў павысіць дысцыпліну ў пэдкалектывах.
Хартыя ‘97