Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», палітвязень Павал Севярынец распаўсюдзіў заяву з нагоды затрыманьня наваполацкага грамадзкага актывіста, супраць якога распачалі крымінальную справу за «здраду дзяржаве». Ён патрабуе ад спэцслужбаў вызваленьня затрыманага Андрэя Гайдукова (на фота) і тлумачэньняў наконт апэрацыі па ягоным арышце.
Нагадаем, КДБ заявіў, што Гайдукоў на заданьне замежнай выведкі займаўся «зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару».
«Уся гэтая гісторыя з увязьненьнем Андрэя Гайдукова робіць уражаньне абсурду, прычым жорсткага і гвалтоўнага абсурду, накіраванага на запалохваньне грамадзтва. 22-гадовы сьлесар, намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Саюз маладых інтэлектуалаў”, прыхільнік хрысьціянскай дэмакратыі, актывіст сацыяльных сетак раптам, аказваецца, “закладвае тайнік”. Што ж вы, прафэсіяналы, не дачакаліся там, ля “тайніка” якога-небудзь заакіянскага Джэймса Бонда, катораму так патрэбная “сацыяльна-эканамічная інфармацыя пра Рэспубліку Беларусь”? Можа быць, таму, што ніякага шпіёна і шпіянажу там няма? Крывавыя гісторыі пра японскіх і румынскіх “шпіёнаў” наша краіна ўжо праходзіла ў 1937 годзе. Можа, камусьці трэба паказаць, што КГБ працуе і дзеля гэтага хапаюць першага ж актывіста, нязгоднага з рэжымам, які трапіўся пад руку. Ніхто ж ня верыць гэтым “афіцыйным вэрсіям”», - сьцьвярджае Павал Севярынец.
Павал Севярынец: «Самае галоўнае — абсурдная, абсалютна цёмная гісторыя вось з гэтым затрыманьнем ставіць пытаньне: для чаго хлопца тайна бяруць, даюць інфармацыю толькі тады, калі яна ўсплывае ў прэсе, што зь ім робяць зараз, дзеля чаго яго трымаюць?». Павал Севярынец кажа, што на карысьць Андрэя Гайдукова сьведчыць яго грамадзкая і палітычная дзейнасьць, удзел у кампаніі байкоту.
«Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Андрэя Гайдукова і растлумачэньня ўсяго гэтага кепска пастаўленага спэктаклю, - заявіў палітык, які адбывае «хімію» на Пружаншчыне. - Калі ніякіх ясных тлумачэньняў віны Гайдукова дадзена ня будзе – можна лічыць, што ў Беларусі зьявіўся 15-ы палітвязень. Свабоду Гайдукову!»
Паводле Прэсавай службы БХД і Эўрарадыё