Віцебская вобласьць заняла апошняе месца ў рэйтынгу прадпрымальных рэгіёнаў, у якіх больш за ўсё ІП на 1 тысячу жыхароў. Затое віцебскія «іпэшнікі» больш за іншых зарабляюць на сельскай гаспадарцы. Дасьледаваньне правяла пляцоўка абвестак Куфар на аснове афіцыйнай статыстыкі і ўласных дадзеных.
У Віцебскай вобласьці на 1 тысячу жыхароў прыпадае каля 18 ІП. Лідэрам жа па агульнай колькасьці ІП і іх дзелі сярод насельніцтва аказалася Менская вобласьць. У самым прадпрымальным рэгіёне нават без уліку сталіцы налічваецца 26 «іпэшнікаў» на 1 тысячу жыхароў. Больш толькі ў Менску – каля 40 ІП на кожную тысячу гараджанаў.
Другое месца ў рэйтынгу займае Гарадзенская вобласьць, дзе на 1 тысячу жыхароў прыпадае каля 23 ІП. Трэцяе месца зь нязначным адставаньнем займае Берасьцейскі рэгіён. Разьвіваецца малы бізнэс і ў Магілёўскай вобласьці, у якой на сябе працуе звыш 2,1% насельніцтва. За ёй ідзе Гомельскі рэгіён з 19 «іпэшнікамі» на 1 тысячу жыхароў.
Больш за ўсё ІП зарабляюць у Менску, дзе абарот на аднаго прадпрымальніка ў сярэднім складае каля 2500 рублёў у месяц. За межамі сталіцы больш выгадна весьці справы ў Берасьцейскай вобласьці, дзе бізнэсоўцы ў сярэднім здабываюць каля 2300 рублёў. Другое месца сярод рэгіёнаў займае Гарадзенская вобласьць з 2270 рублёў на кожнага «іпэшніка». Амаль на 70 рублёў менш атрымліваюць ІП на Гомельшчыне. Радком ніжэй ідзе сталічны рэгіён, дзе выручка прадпрымальніка звычайна складае 2170 рублёў. Менш зарабляюць прадпрымальнікі ў Магілёўскай вобласьці (2060 рублёў), а замыкае сьпіс Віцебскі рэгіён – тут ІП могуць разьлічваць на абарот у 2030 рублёў у месяц.
Большасьць «іпэшнікаў» у Беларусі займаецца гандлем, будаўніцтвам і перавозкамі. У кожным рэгіёне ў гэтых сфэрах працуе больш за палову зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў. Выключэньне складае толькі Менск, дзе на другое месца пасьля гандляроў выйшлі кансультанты, дызайнэры і фатографы.
У сярэднім па краіне кожны другі рубель беларускія прадпрымальнікі атрымліваюць ад сфэры гандлю. Аднак кожны рэгіён мае свае адметнасьці. Так, прадпрымальнікі Менскай вобласьці больш за іншых зарабляюць на вытворчасьці і будаўніцтве, Віцебскай – на сельскай гаспадарцы, а Берасьцейскай – на мэдычных і сацыяльных паслугах. У Гомельскай вобласьці як нідзе папулярныя паслугі часовага пражываньня і харчаваньня.
«Малы бізнэс пачынае адыгрываць усё больш прыкметную ролю ў эканоміцы, займаючы нават тыя галіны, якія традыцыйна былі прэрагатывай буйных кампаніяў. Гэта пазытыўна адбіваецца на разьвіцьці рынку і эканомікі ў цэлым», – перакананы начальнік упраўленьня маркетынгу і камэрцыі Куфра Ільля Жукавец.
У той самы час, як адзначае экспэрт, патэнцыял сэгмэнту малога бізнэсу значна вышэйшы: у пасьпяховых краінах менавіта ён зьяўляецца рухавіком эканомікі. Пасьпяхова разьвівацца беларускім прадпрымальнікам замінаюць неразуменьне заканадаўства, адсутнасьць стратэгічнага плянаваньня і недастатковае веданьне сфэры анлайн-гандлю. Сытуацыю могуць палепшыць адукацыйныя ініцыятывы, закліканыя дапамагчы прадпрымальнікам-пачаткоўцам разабрацца ў сфэры электроннай камэрцыі.
«Толькі летасьбеларусы патрацілі на анлайн-шопінг каля 360 мільёнаў даляраў. Каб захаваць бізнэс, прадпрымальнікі выходзяць у анлайн усьлед за спажыўцамі. Мы бачым гэта і па тым, як актыўна падключаюцца анлайн-вітрыны на нашай пляцоўцы, і па удзельніках праекту «Куфарызацыя», які дапамог усім ахвотным адаптаваць свой бізнэс да рэаліяў лічбавай эканомікі», – падкрэсьліў экспэрт.
Усё больш прадпрымальнікаў сталі ствараць стартапы. Атрымліваюць разьвіцьцё і новыя формы фінансаваньня бізнэсу, такія як краўдфандынг. «Беларускія прадпрымальнікі, асабліва моладзь, вывучаюць заходнія тэндэнцыі і імкнуцца глядзець у будучыню. Усе разумеюць: весьці бізнэс «па-старому» ужо неэфэктыўна: калі не перабудавацца, можна страціць сваю долю рынку», – растлумачыў Ільля Жукавец.
Яшчэ адной тэндэнцыяй стаў рост колькасьці жанчын сярод ІП. Усё больш дзяўчат хочуць адкрыць сваю ўласную справу замест таго, каб працаваць на кампанію. «Актыўнасьць жанчын у бізнэсе ўзрастае, і мы бачым гэта як па ўнутранай статыстыцы Куфра, так і па тым, як актыўна дзяўчыны ўдзельнічалі ў адукацыйных мерапрыемствах», – адзначыў прадстаўнік пляцоўкі.
Рэйтынг прадпрымальных рэгіёнаў складзены Куфрам. У дасьледаваньні выкарыстаны адкрытыя дадзеныя Белстату, а таксама ўнутраная статыстыка пляцоўкі абвестак. Сярод асноўных крытэрыяў для аналізу – дадзеныя па колькасьці ІП на 1 тысячу жыхароў у кожнай вобласьці, сярэдняя гадавая выручка прадпрымальнікаў, колькасьць новых рэгістрацыяў і рэгіянальная актыўнасьць «іпэшнікаў» у інтэрнэце.
news.vitebsk.cc