Дзьмітры Міхно працуе мэтадыстам Лепельскага раённага Дому культуры. Нядаўна вярнуўся з вайсковых збораў. Мы папрасілі Дзьмітрыя падзяліцца ўражаньнямі.
– Дзьмітры, вы служылі на тэрміновай?
– Так, служыў у Межыцы ў войсках супрацьпаветранай абароны дзевяць гадоў таму.
– У якасьці каго вас прызвалі гэтым разам?
– Камандзіра аддзяленьня роты хімічнай выведкі.
– Раскажыце, як праходзілі зборы, што запомнілася?
– У першы дзень памылі нас у лазьні, выдалі амуніцыю, ня новую, вядома, усё ж мы не вайскоўцы тэрміновай службы, аднак чысьценькую, папрасілі падшыць чыстыя падкаўнерыкі.
– Давялося ўспомніць маладыя вайсковыя гады?
– Так, усё звыкла ды не зусім яшчэ забылася. І ведаеце, з таго часу ў войску нічога не зьмянілася. На другі дзень тыя, хто не служыў і хто служыў яшчэ пры Савецкім Саюзе, прынялі прысягу.
– Былі на зборах і тыя, хто яшчэ пры Саюзе служыў?
– Няшмат, усяго некалькі чалавек. Пасьля гэтага нам выдалі зброю пад подпіс. Каму – аўтаматы, у кагосьці ў распараджэньні быў РПГ, у залежнасьці ад займаемай пасады. Так са зброяй мы і не расставаліся ўсе дваццаць чатыры дні.
– Дзе жылі, як сталаваліся?
– Спачатку ў Заслонаве жылі ў казарме некалькі дзён і харчаваліся ў частцы. Потым нас падзялілі па ўзводах. Былі ўзводы глыбіннай, хімічнай выведкі, камандны пункт, упраўленьне. Адправілі на заслонаўскі палігон, дзе было праведзенае станаўленьне баявых разьлікаў. З гэтага часу карміла нас палявая кухня, тым болей, што неўзабаве адправіліся на палігон Даманава ў Берасьцейскую вобласьць. Увогуле, палявой кухняй мы засталіся задаволеныя. Бадай як хатняя ежа. Кашы з тушонкаю вельмі смачныя – пярловая, рысавая. Макароны таксама давалі, кількі ў бляшанках, сала. Часта проста давалі па кавалку сырога сала, якое можна было зьесьці ў любы час: ці вечарам, ці на прывале.
– Чагосьці дамашняга хацелася?
– Ну хіба што селядца пад футрам, – сьмяецца.
– Што вы рабілі на Берасьцейшчыне?
– Перад кожным з нас была пастаўленая задача. Мы, напрыклад, вялі назіраньне за радыяцыйным фонам, рота глыбіннай выведкі павінна была адшукаць месца знаходжаньня сіл праціўніка і высьветліць, колькі ў яго тэхнікі і г.д.
– Жылі ў палявых умовах?
– Ня тое, што ў палявых, у забалочанай мясцовасьці. Умовы былі максымальна набліжаныя да сапраўдных ваенных. Напрыклад, у першую ноч, калі толькі сышлі зь цягніка, было ўжо цёмна. Разьмясьціліся наўпрост у лясной балацявіне, расклалі вогнішча ды і спалі хто на матрацах пад адкрытым небам, хто проста на зямлі ў спальных мяхах. Дый потым далёка ня ўсе раскашавалі ў намётах, некаторыя жылі ў маленькіх буданчыках ды спалі нагамі бліжэй да вогнішча. На вайне як на вайне.
– І слалі родным “франтавыя трохкутнічкі”?
– Ды не, – усьміхаецца, – час трохкутнічкаў мінуў. У кожнага з сабою быў мабільнік, дык што праблема сувязі з домам востра не стаяла. Хіба што падзарадзіць мабільнік у палявых умовах было ня так проста.
– Сумавалі па доме?
– Ну мы ўжо ня ў тым узросьце, саракагадовыя прызыўнікі, ня дзеці. А зь іншага боку, у кожнага сем’і, ёсьць каму і па кім хвалявацца. Аднак мы задаволеныя. Зьмянілі абстаноўку, урэшце атрымалі хто падзякі, хто граматы. Вясна на Берасьцейшчыне прыходзіць раней, колькі дзён стаяла амаль летняя сьпякота, хаця хапала ўсяго: і пад дажджом пабылі, і пад марозікам. Усё як на вайне.
Уладзімер Міхно, Лепельскі край